Каб скласьці сьпіс найлепшых беларускіх фільмаў, у Беларускай незалежнай кінаакадэміі апыталі 49 экспэртаў — рэжысэраў, кіназнаўцаў, кінакрытыкаў, куратараў і іншых — і на падставе іх індывідуальных сьпісаў найлепшых беларускіх фільмаў склалі сьпіс з 50 стужак, якія набралі найбольшую колькасьць згадак у індывідуальных сьпісах экспэртаў.
«Гэта самае маштабнае апытаньне і самы рэпрэзэнтатыўны сьпіс з тых, якія рабіліся дагэтуль», — адзначае кінакрытык Ірэна Кацяловіч, прадстаўніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі.
У сьпісе, акрамя назваў фільмаў і рэжысэраў, сьцісла расказваецца, пра што фільм, якія ўзнагароды атрымаў, прапануюцца спасылкі, дзе яго паглядзець, а таксама сьціслы водгук на фільм аднаго з экспэртаў.
Так, у першай дзясятцы найлепшых фільмаў, паводле экспэртаў, апынуліся:
- «Ідзі і глядзі» Элема Клімава (1985),
- «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі (2004),
- «Дзікае паляваньне Караля Стаха» Валерыя Рубінчыка (1980),
- «Цераз могілкі» Віктара Турава (1965),
- «Прыгоды Бураціна» Леаніда Нячаева (1976),
- «Усходні калідор» Валянціна Вінаградава (1967),
- «Мяне завуць Арлекіна» Валерыя Рыбарава (1988),
- «Заўтра» Юліі Шатун (2007),
- «Выпадак з пацаном» Сяргея Лабана (2001),
- «Горад майстроў» Уладзімера Бычкова (1966).
Цалкам сьпіс 50 найлепшых беларускіх фільмаў усіх часоў можна паглядзець па спасылцы.
- Беларускую незалежную кінаакадэмію (BIFA) афіцыйна адкрылі падчас Бэрлінскага кінафэстывалю ў лютым 2023 году. Яе стварылі для падтрымкі незалежных творцаў беларускага кіно, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі з боку дзяржавы. Кінаакадэмію стварылі ў адказ на «пастаянную пагрозу» перасьледу, турэмнага зьняволеньня і катаваньняў у дачыненьні да незалежных творцаў, якія пражываюць у Беларусі і вымушаныя пакінуць краіну, каб працаваць без рэпрэсій з боку дзяржавы.
- У склад заснавальнікаў новай акадэміі ўвайшлі рэжысэры Дар’я Жук, Аляксей Палуян і Андрэй Куціла, прадусарка, рэжысэрка і дырэктарка кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне» Вольга Чайкоўская, кінаэкспэрт Ігар Сукманаў, кінакрытык Ірэна Кацяловіч.