Стала вядома, у якім стане пацярпелыя на пажары ў гандлёвым цэнтры Віцебску

10 чалавек, якія атрымалі траўмы падчас пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры «Беларусь» 13 сьнежня, застаюцца ў бальніцах, адна жанчына — у цяжкім стане, паведаміў 17 сьнежня старшыня віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Субоцін.

«На цяперашні момант у шпіталях знаходзяцца толькі дзесяць чалавек, многія ўжо выпісаныя. Асьцярожна плянуем, што да выходных застануцца ўжо чацьвёра.

Адна жанчына, на жаль, у цяжкім стане, але атрымлівае ўсё неабходнае», — заявіў Аляксандар Субоцін, яго цытуе тэлеграм-канал «Новости Витебска. Витьбичи».

Раней стала вядома, што колькасьць пацярпелых падчас пажару ў гандлёвым цэнтры «Беларусь» вырасла да 20 чалавек. 16 пацярпелым пачалі аказваць мэдычную дапамогу непасрэдна ў дзень пажару, трое зь іх былі ў цяжкім стане. Сярод пацярпелых — дзьве дзяўчынкі ў «лёгкай форме». Яшчэ 4 чалавекі пазьней зьвярнуліся па псыхалягічную дапамогу.

Пажар у віцебскім гандлёвым цэнтры «Беларусь» адбыўся 13 сьнежня. Ён ахапіў 2 тысячы квадратных мэтраў, на пажары працавалі 90 працаўнікоў МНС і 21 адзінка спэцтэхнікі. З будынку эвакуавалі 215 чалавек. Каб патушыць пажар, ратавальнікам спатрэбілася каля 5,5 гадзіны.

Гэта адзін з найбуйнейшых пажараў у Віцебскай вобласьці за апошні час.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па ч.2 арт.304 Крымінальнага кодэксу Беларусі (парушэньне патрабаваньняў пажарнай бясьпекі, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці прычыненьне шкоды ў буйным памеры).

Віцебскі гарвыканкам даручыў уласьніку прапрацаваць пытаньні наданьня арандатарам іншых месцаў гандлю ў гандлёвых цэнтрах гораду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля пажару ў віцебскім гандлёвым цэнтры ратавальнікі не знайшлі людзей у памяшканьнях. Пацярпелі 16 чалавек