24 лютага 2024 году аб’яднаньне былых сілавікоў BelPol зладзіла акцыю — запусьціла на рэклямных экранах у Беларусі зварот Сьвятланы Ціханоўскай. Празь дзень сілавікі затрымалі 4 супрацоўнікаў кампаніі Legion 104, якая займалася разьмяшчэньнем рэклямы на такіх экранах. Выданьне «Медиазона» даведалася, што адбываецца зь фірмай праз 10 месяцаў пасьля здарэньня.
Пасьля зьяўленьня звароту Ціханоўскай на рэклямных экранах у Беларусі сьледчыя завялі крымінальную справу паводле артыкула аб «зьнішчэньні, блякаваньні ці мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі». Як расказаў выданьню дырэктар кампаніі Legion 104 Андрэй Смаляк, спачатку ён праходзіў у гэтай справе падазраваным, але ўлетку атрымаў ліст, што справу супраць яго спынілі і цяпер ён сьведка. Каго сьледчыя лічаць падазраваным, невядома. Паводле Андрэя Смаляка, у рамках гэтай справы нікога зь ягонай фірмы не затрымалі.
«Справу паставілі на паўзу, чакаюць мяне як галоўнага сьведку на допыт. Мая нерухомасьць арыштаваная. ДФР працягвае праверку, выніку пакуль няма, але нічога добрага ад іх я не чакаю. Усе падаткі мы сплацілі, цяпер пагашаем невялікую запазычанасьць перад кліентамі. Супрацоўнікі звольніліся», — расказаў Андрэй Смаляк.
Паводле дырэктара, цяпер кампанія Legion 104 знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Да інцыдэнту ў ёй стала працавалі 10 чалавек і яшчэ 7 чалавек — пазаштатна.
«Бізнэс пераносім у Эўропу і на Блізкі Ўсход. Убачылі для сябе значна больш магчымасьцяў. Цяпер шукаем інвэстара», — расказаў выданьню дырэктар Legion 104.
Ён адзначыў, што хоць ён «не рэпрэсаваны ўладай наўпрост», ягоная кампанія пацярпела.
«Мая кампанія пацярпела ад неабдуманых дзеяньняў нашай „роднай“ апазыцыі. Як і казаў раней, яны нас сьпісалі. Мне шчыра шкада нашу зямлю і наш народ. Нейкі беспэрспэктыўняк», — сказаў Андрэй Смаляк.
Прадпрымальнік адмаўляе любое дачыненьне да трансьляцыі звароту Ціханоўскай на экранах. Кажа, што даведаўся, што іх сэрвіс узламалі, па дарозе ў Польшчу, калі ехаў сьвяткаваць свой дзень народзінаў.
«Працуючы над праектам з 2015 году і патраціўшы на яго велізарную колькасьць сіл і рэсурсаў, мы не маглі сабе дазволіць нешта падобнае», — кажа дырэктар кампаніі Legion 104.
- 24 лютага 2024 году на экранах па ўсёй Беларусі паказалі зварот дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай, у якім яна заклікала беларусаў «сказаць „не“» вайне ва Ўкраіне і дыктатуры ды фальшывым выбарам у Беларусі. Мяркуецца, што відэа магло выйсьці агулам больш як на 2000 экранаў — у мэтро, супэрмаркетах, гандлёвых і спартовых цэнтрах.
- Пасьля акцыі адказнасьць за яе ўзялі на сябе былыя сілавікі зь BelPol. Яны пацьвердзілі «Люстэрку», што затрыманыя супрацоўнікі кампаніі Legion 104 да ўзлому экранаў ніякага дачыненьня ня маюць, і дадалі, што «ніхто з датычных да правядзеньня акцыі не знаходзіцца ў Беларусі».
- На пытаньне «Медиазоны», ці атрымаў BelPol доступ да сэрвісу Legion 104 бязь ведама супрацоўнікаў, прадстаўнік ініцыятывы не адказаў.