Арыштаванаму экс-кіраўніку ўраду непрызнанай Нагорна-Карабаскай рэспублікі (НКР), мільярдэру Рубэну Варданьяну пракуратура Азэрбайджана выставіла 45 новых абвінавачаньняў паводле 20 артыкулах Крымінальнага кодэксу, перадае армянская служба Радыё Свабода/Азатуцюн са спасылкай на абарону бізнэсоўца.
Матэрыялы справы выкладзеныя на азэрбайджанскай мове на 25 тысячах старонак у 100 тамах. У заяве міжнароднай групы адвакатаў гаворыцца, што матэрыялы «схаваныя ня толькі ад грамадзкасьці, але і ад самога Варданьяна на той падставе, што абвінавачаньні датычацца «нацыянальнай бясьпекі Азэрбайджана».
Адзін з абаронцаў Варданяна, Джарэд Гензер, раней заяўляў, што адміністрацыя Аліева паслядоўна адхіляе яго просьбы аб наведваньні Баку.
«Адмова Азэрбайджана абнародаваць і прадставіць усе абвінавачанні і так званыя доказы супраць Варданяна яшчэ раз пацьвярджае, што ў іх ёсьць палітычныя матывы», — адзначаў ён.
Па сукупнасьці абвінавачаньняў Варданяну ў Азербайджане пагражае пажыцьцёвы тэрмін.
Большая частка Нагорнага Карабаху, які прызнаецца міжнароднай супольнасьцю тэрыторыяй Азэрбайджану, больш за 30 гадоў знаходзілася пад кантролем уладаў самаабвешчанай рэспублікі. Над часткай тэрыторыі Баку вярнуў кантроль у выніку вайны восені 2020 году. 19 верасьня 2023-га Азэрбайджан пачаў новы наступ, і ўжо на наступны дзень армянскія фармаваньні фактычна капітулявалі. Пераважная большасьць армянскіх жыхароў рэгіёну, больш за 100 тысяч чалавек, баючыся рэпрэсій з боку азэрбайджанскіх уладаў, выехалі ў Армэнію. Уся тэрыторыя Нагорнага Карабаху перайшла пад кантроль Азэрбайджану.
Пры гэтым у рэгіёне па-ранейшаму разьмешчаныя расейскія вайскоўцы. Аб разьмяшчэньні міратворчага кантынгенту лідэры Армэніі, Азэрбайджана і Расеі дамовіліся восеньню 2020 году. Пасьля пачатку азэрбайджанскага наступленьня ў верасьні мінулага года расейскія вайскоўцы ня ўмешваліся ў баявыя дзеяньні, але, як сьцьвярджалася, садзейнічалі выезду ахвотных жыхароў рэгіёну ў Армэнію.
Большасьць былых кіраўнікоў самаабвешчанай рэспублікі, у тым ліку тры былыя прэзыдэнты, а таксама былы дзяржаўны міністар, мільярдэр і былы грамадзянін Расеі Рубэн Варданьян, былі арыштаваныя азэрбайджанскімі ўладамі і знаходзяцца за кратамі. Суду над імі пакуль не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз год пасьля вайны ў Нагорным Карабаху ўцекачы мараць пра вяртаньне дамоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Баку. Чаму адносіны Беларусі з Азэрбайджанам лепшыя, чым з Армэніяй