Украінскія эколягі падлічылі, якую шкоду можа прынесьці крушэньне двух расейскіх танкераў ля анэксаванага Крыма

Крушэньне расейскага танкера ў Керчанскай пратоцы

Аварыя двух расейскіх танкераў з нафтапрадуктамі ў Керчанскай пратоцы паўплывае на экалёгію рэгіёну на доўгія гады, лічаць ва ўкраінскім Greenpeace.

Пра цяжкія наступствы для экалёгіі рэгіёну ў камэнтары праекту Радыё Свабода «Крым.Реалии» расказала дырэктарка Greenpeace ва Ўкраіне Натальля Гозак.

Яна нагадала, што падобны выпадак адбыўся ў 2007 годзе, калі ў Керчанскай пратоцы затануў танкер «Волгонефть», у выніку чаго ў мора вылілася каля 1,5 тысячы тон нафты. Па словах Гозак, нават праз год канцэнтрацыя нафтапрадуктаў у вадзе ў дзесяць разоў перавышала дапушчальныя нормы.

«У выніку дзясяткі кілямэтраў забруджанага ўзьбярэжжа па абодва бакі пратокі. Большая частка гэтых прадуктаў апусьцілася на дно і, як вынік, пацярпела харчовая база марской біёты. На ўзьбярэжжы ўтварыліся буйныя плямы мазуту, якія патрабавалі ліквідацыі. Яны ўплываюць на ўсё марское жыцьцё», — падкрэсьліла яна.

Адной з прычынаў катастрофы Гозак лічыць вайсковыя дзеяньні Расеі супраць Украіны. «Відавочна, што гэта паліва для вайсковых караблёў», — сказала яна.

Дырэктарка ўкраінскай Greenpeace дадала, што ліквідацыя наступстваў такога забруджваньня патрабуе намаганьняў не адной установы, а міжнароднага супрацоўніцтва. Аднак Гозак сумняваецца, што Расея неяк паспрыяе рашэньню праблемы.

15 сьнежня ў штармавых умовах у Керчанскай пратоцы пацярпелі аварыю два расейскія судны з нафтапрадуктамі — «Волгонефть-212» і «Волгонефть-239».

МНС Расеі паведаміла пра гібель аднаго марака. У выніку стыхіі адбыўся разьліў нафтапрадуктаў. Маштабы пакуль невядомыя.

Як паведамляюць расейскія СМІ, «Волгонефть-212» перавозіла 4300 тон мазуту. Выданні Shot і Baza сьцьвярджаюць, што прыкладна такая ж колькасьць нафтапрадуктаў была і на борце «Волгонефть-239».

Уладзімір Пуцін аддаў распараджэньне аб арганізацыі ратавальных работ і ліквідацыі наступстваў разьліцьця паліва ў Керчанскай пратоцы. Па факце катастрофы расейскія сілавікі завялі дзьве крымінальныя справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі карабель абстраляў нямецкі верталёт у Балтыйскім моры