Сотні людзей маглі стаць ахвярамі стыхіі на архіпэлягу Маёт

Пасьля шторму Чыда, які абрынуўся на архіпэляг Маёт

Колькасьць ахвяр разбуральнага трапічнага шторму Чыда, які абрынуўся на архіпэляг Маёт, францускую заморскую тэрыторыю ў Індыйскім акіяне, можа дасягнуць сотняў ці нават тысяч.

Пра гэта заявіў прэфэкт рэгіёну Франсуа-Ксаўе Б’евіль у нядзелю.

Пры гэтым пацьверджаная колькасьць загінулых з прычыны ўрагану на вечар нядзелі складала 14. Больш за 250 былі параненыя. Гэта дадзеныя з цэнтральнай лякарні Маёта. Туды паступаюць ня ўсе пацярпелыя ад стыхіі.

З многімі раёнамі зараз няма сувязі. Акрамя таго, падлік колькасьці ахвяр абцяжараны ў тым ліку праз мусульманскую традыцыю хаваць памерлых цягам 24 гадзін. Іслам вызнае большасьць насельніцтва Маёта.
У выніку разбуральнага шторму разбурана практычна ўсё старое і нетрывалае жыльлё на архіпэлягу. У такіх дамах, паводле зьвестак улад, жылі каля 100 тысяч чалавек. Ёсьць асьцярогі, што многія зь іх маглі загінуць.

Як паведамляе RFI, на Маёце перад ударам стыхіі адкрылі каля 70 цэнтраў часовага разьмяшчэньня пры школах, аднак у іх схаваліся толькі некалькі тысяч чалавек. Іншыя ці не захацелі пакінуць свае дамы ці ўжо не паспелі да пачатку стыхійнага бедзтва. Хуткасьць ветру перавышала 200 кілямэтраў за гадзіну — гэта сіла ўрагану.

Зь нядзелі на востраў Маёта паступаюць мэдыкамэнты і гуманітарная дапамога, аэрапорт здольны прымаць вайсковыя самалёты. Францыя накіравала для барацьбы з наступствамі стыхіі вайскоўцаў і ратавальнікаў.
Архіпэляг Маёта разьмешчаны ў заходняй частцы Індыйскага акіяна, паміж афрыканскай дзяржавай Мазамбік і паўночным Мадагаскарам. На рэгіён прэтэндуюць Каморскія астравы, якія не прызнаюць юрысдыкцыю Францыі над ім. Гэтую пазыцыю падтрымлівае Генэральная асамблея ААН.

Aftermath of Cyclone Chido, in Mayotte