Зьявіліся фота дзясяткаў загінулых вайскоўцаў РФ на Курскім напрамку, сярод іх ёсьць паўночнакарэйцы

На фоне зламанай тэхнікі відаць некалькі дзясяткаў целаў

«Схемы» (праект Радыё Свабода) атрымалі фота з крыніцаў сярод вайскоўцаў на Курскім накірунку 15 сьнежня. Гэтыя здымкі, якія журналісты ня могуць самастойна праверыць, паказваюць вынікі некалькіх штурмаў. На фоне зламанай тэхнікі бачныя некалькі дзясяткаў целаў.

Крыніцы «Схем» сярод вайскоўцаў сьцьвярджаюць, што сярод іх ёсьць вайскоўцы з Паўночнай Карэі, якія служылі ў зводных частках расейскай арміі.

14 сьнежня прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў аб зьяўленьні інфармацыі пра пачаак выкарыстаньня паўночнакарэйскіх войскаў у штурмах украінскіх сіл на Куршчыне. «Расейцы ўключаюць іх у зводныя падразьдзяленьні і выкарыстоўваюць у баявых дзеяньнях у раёнах Курскай вобласці. Проста ёсьць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле інфармацыі Галоўнага ўпраўленьня разьведкі Мінабароны Украіны, за мінулыя суткі вайскоўцы з КНДР падчас штурмаў страцілі каля 200 чалавек.

У канцы кастрычніка заходнія СМІ паведамілі, што КНДР накіравала ў Расею вайскоўцаў для ўдзелу ў баявых дзеяньнях супраць Украіны. Па дадзеных Украіны і краін Захаду, у Курскую вобласьць прыбылі больш за 10 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.

5 лістапада крыніцы Financial Times і Public у спэцслужбах паведамілі аб першых баявых сутыкненьнях украінскіх і паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Курскай вобласьці. Адзначалася, што пакуль «пра буйныя сутыкненьні гаворкі не ідзе».

У пачатку лістапада прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што паўночнакарэйскае войска панесла першыя страты. Масква і Пхэньян не пацьвердзілі непасрэдны ўдзел паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у баях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Беларусі папярэджвае, што кібэрзлачынцы усё часьцей прадстаўляюцца супрацоўнікамі КДБ