МУС Беларусі папярэджвае, што кібэрзлачынцы усё часьцей прадстаўляюцца супрацоўнікамі КДБ

Сілавікі. Ілюстрацыйны здымак.

Праваахоўныя органы Беларусі паведамляюць пра новую форму кібэрзлачыннасьці. Выходзячы на сувязь з патэнцыйнай ахвярай, злачынцы прадстаўляюцца супрацоўнікамі КДБ, піша газэта «Вечерний Брест».

Як зазаначае выданьне, ашуканцы з ужываньнем пагроз патрабуюць доступ да банкаўскіх рахункаў, якія нібыта трэба праверыць «на прадмет законнасьці транзакцый». Далей адбываецца вывад грошай.

Міністэрства ўнутраных справаў нядаўна расказала пра схему гэтай злачыннай групоўкі. Кіраўнік групы ў Беларусі падпарадкоўваецца камусьці за мяжой. За ім ідуць непасрэдныя працаўнікі, задача якіх — здабываць рэквізыты банкаўскіх картак. Беларускаму лідэру ў краіне падпарадкоўваецца яшчэ некалькі ўзроўняў махляроў, кожны зь якіх мае розныя задачы.

«Запэўніваем прастадушных чытачоў: рэальныя супрацоўнікі КДБ, МУС і іншых сілавых структур, надзеленых правам узбуджаць расьсьледаваньні, ніколі не праводзяць сьледчыя дзеяньні праз мэсэнджэр і сацыяльныя сеткі». — сьцьвярджае выданьне.

Разам з тым, ахвяры палітычных рэпрэсій у Беларусі неаднаразова апублічвалі гісторыі, калі супрацоўнікі сілавых органаў спрабавалі кантактаваць зь імі праз мэсэнджэры і пагражалі крымінальнай адказнасьцю. Пазьней удавалася высьветліць, што гэта рэальныя сілавікі. Пасьля пратэстаў 2020 былі вядомыя выпадкі, калі злачынцы пранікалі ў кватэры і рабавалі іх, прадстаўляючыся супрацоўнікамі сілавых органаў.