Па словах Трампа, Грэнэл «будзе працаваць у самых гарачых кропках сьвету», уключаючы Вэнесуэлу і Паўночную Карэю. У паведамленьні таксама адзначаецца, што ён «працягне змагацца за мір сілай». Па словах крыніцы Reuters, Грэнэл таксама засяродзіцца на напружанасьці на Балканах.
Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ён быў галоўным прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка Дзярждэпартамэнта, якая ў выніку дасталася сэнатару Марка Рубіа. Грэнел таксама разглядаўся на пасаду спэцыяльнага прадстаўніка па вайне ва Украіне, якую атрымаў генэрал-лейтэнант у адстаўцы Кіт Келаг.
Падчас першага тэрміну прэзыдэнцтва Трампа Грэнэл быў амбасадарам ЗША ў Нямеччыне і спэцыяльным прадстаўніком прэзыдэнта на мірных перамовах у Сэрбіі і Косаве. Летам 2024 года Грэнэл выступаў за стварэньне ва Украіне «аўтаномных зон» для спыненьня вайны. Ён таксама заявіў, што не падтрымлівае ўступленьне Украіны ў NATO ў бліжэйшы час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды коціцца сьвет». Навуковец-беларус з Гаваяў пра выйгрыш і пагрозы ад штучнага інтэлекту