Ярмошына: Я выратавала краіну ад грамадзянскай вайны

Лідзія Ярмошына

Былая старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына разам з прапагандыстамі наведала мястэчка Мікашэвічы на Берасьцейшчыне і расказала, што падзеі 2020 года яе «моцна надламілі».

Ярмошына выказала думку, што да 2020 года насельніцтва Беларусі і апазыцыя выконвалі «правілы гульні» і прывяла ў гэты кантэсьце прэзыдэнцкія выбары 2010 года.

«Я вельмі люблю выбары 2010 года. Яны былі вельмі сонечныя, лёгкія і простыя. Яны былі вельмі дэмакратычнымі. Мы зарэгістравалі 10 кандыдатаў ад апазыцыі. Мы дазвалялі практычна ўсё. Назіральнікаў было вельмі шмат. Я думаю, што гэтыя выбары былі б празнаныя міжнароднай супольнасьцю як эўрапейскія. Але ўсе разумелі, што пераможа Лукашэнка. Таму за 3 дні, каб сарваць прызнаньне, была арганізаваная тая самая „Плошча“, калі сагналі людзей да будынка парлямэта, дзе разьмяшчаецца ЦВК», — сказала была кіраўніца ЦВК.

Пасьля выбараў 2010 года ў Беларусі арыштавалі амаль 700 чалавек, а пяцёра кандыдатаў былі асуджаныя па крымінальных справах. Нягледзячы на гэта, Ярмошына заявіла, што людзі ў Беларусі заўсёды з ухваленьнем ставіліся да выбараў і чальцоў выбарчых камісій, пакуль іх «не абалванілі» у 2020 годзе.

«Мне было ня цяжка працаваць, я атрымлівала задавальненьне. Так, 2020 год мяне надламіў. Шмат у чым ён падарваў упэўненасьць у сабе. Задаволеная я толькі тым, што магчыма я ўратавала краіну ад грамадзянскай вайны. Прынамсі, я гэтаму спрыяла». — сказала Лідзія Ярмошына.

ЦВК Беларусі Ярмошына ўзначальвала 25 гадоў. Ніводная з выбарчых кампаній, якія яна ладзіла, не былі прызнанаыя міжнароднай супольнасьцю свабоднымі і дэмакратычнымі. Пасьля выбараў 2020 года ў Беларусі адбыліся самыя буйныя пратэсты ў гісторыі. Сотні тысяч людзей пратэставалі супраць фальсыфікацыі выбараў. Дзесяткі тысяч пасьля гэтага сталі ахвярамі рэпрэсіяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адстаўка Ярмошынай — гэта спроба рэбрэндынгу