У Грузіі на фоне пратэстаў праходзяць выбары прэзыдэнта. Апазыцыя іх байкатуе

У будынку парлямэнту ў Тбілісі 14 сьнежня праходзяць выбары прэзыдэнта Грузіі. Апазыцыя іх байкатуе, дзейная прэзыдэнтка — не прызнае

14 сьнежня ў Грузіі праходзяць выбары прэзыдэнта. Грузінская апазыцыя іх байкатуе. Сотні людзей выйшлі пратэставаць, нягледзячы на холад і сьнег.

Выбары праходзяць у будынку парлямэнту ў Тбілісі. 14 сьнежня ў Палацы парлямэнту Грузіі дзейнічае жоўты ўзровень бясьпекі — уваход наведнікаў абмежавалі, паведамляе «Эхо Кавказа».

Прэзыдэнцкія выбары ў Грузіі ўпершыню праводзяць паводле новай сыстэмы — не агульнанацыянальным галасаваньнем, а праз калегію выбарнікаў, большасьць у якой належыць кіроўнай прарасейскай партыі «Грузінская мара». У калегію ўваходзяць 300 чальцоў: усе 150 дэпутатаў парлямэнту, дэпутаты Вярхоўных саветаў Аджарыі і Абхазіі — 21 і 20 адпаведна, і 109 дэлегатаў ад муніцыпальных саветаў.

Па стане на 11:30 па мясцовым часе ў працэсе прэзыдэнцкіх выбараў прынялі ўдзел 170 ужо чальцоў калегіі (больш за палову як складу), таму можна лічыць, што выбары адбыліся, заявіла прэс-сакратарка Цэнтральнай выбарчай камісіі Грузіі.

У «Грузінскай мары» агулам 211 выбарнікаў, або 70,33%. Гэтага дастаткова як для правядзеньня галасаваньня, так і для абраньня прэзыдэнта. Чатыры апазыцыйныя партыі, якія прайшлі па выніках выбараў у парлямэнт, але адмовіліся ад мандатаў, байкатуюць пасяджэньне выбарнікаў — агулам 61 дэпутат. Яны заявілі, што не прызнаюць абранага калегіяй прэзыдэнта.

Кандыдат на выбарах адзін. «Грузінская мара» вылучыла на гэтую пасаду былога футбаліста Міхаіла Кавелашвілі. Будучы дэпутатам парлямэнту трох скліканьняў, ён неаднойчы выступаў з антызаходняй рыторыкай. У прыватнасьці, Кавелашвілі казаў, што ў ЗША і Эўразьвязе дзейнічае нейкая «глябальная партыя вайны», якая спрабуе адкрыць у Грузіі другі фронт і ўцягнуць краіну ў новую вайну з Расеяй. Цяпер Кавелашвілі 53 гады, зьвестак пра ягоную адукацыю няма. На пасаду прэзыдэнта Грузіі ўпершыню вылучыўся кандыдат без вышэйшай адукацыі.

Паралельна ля будынка парлямэнту Грузіі зьбіраюцца праціўнікі «Грузінскай мары». Перад будынкам праходзіць акцыя пратэсту «Пакажы дыплём!», на праезнай частцы гуляюць у футбол.

Пакуль пратэстоўцаў адносна няшмат, але іх колькасьць працягвае павялічвацца. Пра сутыкненьні з паліцыяй не паведамлялі. Паліцыянты і вадамёты стаяць на пляцы Волі. У сталіцы Грузіі мінусавая тэмпэратура, прайшоў першы сьнег.

Інаўгурацыя новага прэзыдэнта павінна адбыцца 29 сьнежня — тэрмінам на пяць гадоў. Цяперашняя прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі, чые паўнамоцтвы заканчваюцца 16 сьнежня, назвала выбары нелегітымнымі і адмовілася пакідаць пасаду.

Абнаўляецца

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Грузіі заявіла, што ня сыдзе «да абраньня легітымнага парлямэнту» нягледзячы на заканчэньне мандату