Актывісткі FEMEN у Жэнэве пашкодзілі помнік ля Палаца нацыяў

Актывісткі ўкраінскага руху FEMEN у пятніцу правялі акцыю перад Палацам нацыяў у Жэнэве, дзе знаходзіцца эўрапейская штаб-кватэра ААН. Напаўаголеныя акцыяністкі бэнзапілой спрабавалі разрэзаць скульптуру «Зламанае крэсла», якая сымбалізуе наступствы ўжываньня супрацьпяхотных мінаў.

На сьпіны пратэстовак былі нанесеныя надпісы «Stop mines!» («Спыніце міны!»), на грудзі — абразьлівыя надпісы на адрас Расеі і ААН.

Акцыя выказвала пратэст супраць ужываньня супрацьпяхотных мінаў на вайне ва Ўкраіне, а таксама супраць самой вайны і таго, што ААН, на думку ўдзельніц, няздольная спыніць канфлікт.

«ААН была створаная для забесьпячэньня міру, але яе няздольнасьць спыніць агрэсара толькі пагаршае трагедыю, — гаворыцца ў заяве групы. — Украіна стала ахвярай здрады і ваеннай агрэсіі, і сьвет ня можа пакрываць сябе помнікамі, застаючыся абыякавым, пакуль нас зьнішчаюць».

Удзельніцы адмовіліся размаўляць з журналістамі. Як мінімум тры зь іх — дзьве актывісткі і калега, якая прыйшла іх падтрымаць, — былі затрыманыя паліцыяй, паведамляе Associated Press.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз 3,5 года суд у Кіеве закрыў справу супраць актывісткі Femen за акцыю перад Лукашэнкам і Парашэнкам
  • Рух FEMEN быў заснаваны кіеўскімі фэміністкамі ў 2008 годзе. Ён вядомы эпатажнымі акцыямі, на якіх яго ўдзельніцы выступаюць топлес. Актывісткі выступаюць за правы жанчын, за абарону правоў чалавека ў цэлым, неаднаразова далучаліся да пратэстаў супраць палітычных рэпрэсіяў у Расеі, Беларусі і краінах Блізкага Ўсходу, а таксама супраць ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.