Фляндрыя выдзеліць 100 тысяч эўра на падтрымку беларускіх журналістаў у выгнаньні

Польскі плякат 2021 году пра беларускую незалежную журналістыку

Рэгіён зробіць унёсак у праграму дзеяньняў Рады Эўропы на 2024/2025 год, якая прадугледжвае «навучаньне і апэратыўную падтрымку журналістаў у выгнаньні». Такім чынам рэгіён «умацоўвае незалежныя СМІ, якія зьяўляюцца незаменнай апорай дэмакратыі», гаворыцца ў паведамленьні.

Бэльгійская зямля Фляндрыя выдзеліць 100 тысяч эўра на падтрымку беларускіх журналістаў у выгнаньні, інфармуе Belga News Agency са спасылкай на міністра-прэзыдэнта гэтага рэгіёну Бэльгіі Матыяса Дыпэндалэ.

«Свабодныя і незалежныя СМІ жыцьцёва важныя для абароны дэмакратычных каштоўнасьцяў. Гэтай падтрымкай Фляндрыя дапамагае журналістам, якія, знаходзячыся пад велізарным ціскам, працягваюць працаваць над аб’ектыўным і надзейным асьвятленьнем падзей», — заявіў Дыпэндалэ.

Палітык сустрэўся зь беларускай дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай у Брусэлі ў рамках Дзён Беларусі — эўрапейскай ініцыятывы, накіраванай на прыцягненьне ўвагі да дэмакратычных рухаў і правоў чалавека ў Беларусі.

У кааліцыйным пагадненьні ўраду Фляндрыі сярод прыярытэтаў пазначаная падтрымка дэмакратычных сілаў Беларусі, паведаміў Аб’яднаны пераходны кабінэт 29 кастрычніка па выніках сустрэчы намесьніка старшыні Паўла Латушкі з генэральным прадстаўніком Фляндрыі ў Польшчы Матыясам дэ Морам.

12 сьнежня стала вядома таксама, што Эўрапейскі зьвяз выдзеліць 30 млн эўра для падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз заявіў пра выдзяленьне 30 млн эўра беларускім дэмакратычным сілам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь займае чацьвёртае месца ў сьвеце ў колькасьці журналістаў у няволі, — «Рэпартэры бязь межаў»