Як паведамляе прэс-служба ўраду, пастанову прынялі, каб у міжсэзонны пэрыяд забясьпечыць унутраны рынак «у поўным аб’ёме».
Вывозіць бульбу зь Беларусі (незалежна ад краіны яе паходжаньня) можна будзе толькі паводле разавых ліцэнзіяў, якія будзе выдаваць Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю па ўзгадненьні зь Мінсельгасхарчам, аблвыканкамамі і Менскім гарвыканкамам. Рашэньні аб выдачы ліцэнзіяў будуць прымаць «упаўнаважаныя органы, зыходзячы з ацэнкі суадносінаў свабодных рэсурсаў гэтай прадукцыі ў Беларусі і патрэбы краіны ў ёй на момант узгадненьня ліцэнзіі».
Паводле зьвестак Белстату, на 1 лістапада 2024 году ў Беларусі сабралі 534,8 тысячы тон бульбы пры сярэдняй ураджайнасьці 302 цэнтнэры з гектара. Пры гэтым на аналягічную дату 2023 году было накапана 827,2 тысяч тон пры сярэдняй ураджайнасьці 358 ц/га, заўважыў «Позірк». Такім чынам, агульны ўраджай бульбы сёлета зьнізіўся ў 1,55 раза.
За год бульба ў Беларусі падаражэла на 62% (з кастрычніка 2023 па кастрычнік 2024 году).
- 10 кастрычніка ў Беларусі на тры месяцы ўвялі ліцэнзаваньне на вываз за межы краіны белакачаннай капусты, яблыкаў і цыбулі.
- 8 кастрычніка ўрад падоўжыў на чарговыя паўгода ліцэнзаваньне вывазу зь Беларусі збожжавых.