У Маскве застрэлілі намесьніка генэральнага канструктара КБ «Марс» і начальніка аддзелу праграмнага забесьпячэньня Міхаіла Шацкага.
Як піша сайт тэлеканала «Настоящее время», першым пра гэта паведаміў публіцыст Аляксандар Няўзораў, ён таксама апублікаваў фатаграфіі зь месца меркаванага забойства.
Пазьней інфармацыю пацьвердзілі крыніцы некалькіх украінскіх СМІ.
Няўзораў у сваім допісе адзначыў працу начальніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны Кірыла Буданава.
«У Буданава доўгія рукі. Падобна на тое, ніхто зь вінаватых у генацыдзе ўкраінцаў не памрэ сваёй сьмерцю», — напісаў Няўзораў.
«РБК-Украіна» спасылаецца на крыніцы ў Сілах абароны Ўкраіны, якія таксама сьцьвярджаюць, што гэта была апэрацыя ГУР.
Шацкі займаўся ўкараненьнем новых бесьпілётнікаў і мадэрнізацыяй ракет X-59 да ўзроўню X-69 — расейскае войска выкарыстоўвае іх для паветраных атак на Ўкраіну.
Расейскі бок афіцыйна пра забойства Шацкага не гаворыць — ні дзяржаўныя органы, ні СМІ. У Маскоўскім авіяцыйным інстытуце, дзе працаваў Шацкі, журналістам праекту «Вот Так» адмовіліся камэнтаваць паведамленьне аб яго гібелі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Падмаскоўі застрэлілі вайскоўца. Расейскія СМІ пішуць, што ён служыў у ГРУ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па прыватнай клініцы ў Запарожжы: ёсьць загінулыя і параненыя