Эўразьвяз выдзеліць беларускім дэмакратычным сілам новы пакет дапамогі ў памеры 30 млн эўра. Пра гэта на канфэрэнцыі «Падтрымка беларускага народу», што прайшла ў Эўрапарлямэнце, заявіла эўракамісар у пытаньнях пашырэньня Марта Кос.
Яна зазначыла, што ЭЗ будзе пашыраць санкцыйны ціск на беларускія ўлады і разам з тым будзе дапамагаць беларускім дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасьці:
«Гэта дапаможа падтрымліваць незалежныя галасы, абараняць праваабаронцаў, а таксама дапаможа культуры і адукацыі ў выгнаньні. Такім чынам, агульная сума нашай падтрымкі з 2020 году складзе 170 млн эўра. Гэта пэўная праява нашай салідарнасьці. Яна дапамагла аказаць юрыдычную і мэдыцынскую падтрымку больш як 3 тысячам ахвяр рэпрэсій, стыпэндыі атрымалі больш як 3 тысячы студэнтаў, таксама мы падтрымалі тысячы беларускіх бізнэсаў у выгнаньні», — заявіла Кос, анансуючы пакет дапамогі на 30 млн эўра.
У рамках Дзён Беларусі ў Брусэлі адбылася і асобная сустрэча дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл з Мартай Кос.
Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася таксама зь віцэ-прэзыдэнткай Эўрапейскай камісіі Каяй Калас.
Гэта першая сустрэча з Калас у яе новай ролі Вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі. Гэтую пасаду яна заняла ад 1 снежня 2024 году. Ціханоўская падкрэсьліла, што разьлічвае на яе моцнае лідэрства:
«Эўропе патрэбна рашучасьць для падтрымкі дэмакратычнай Беларусі і Ўкраіны, для супрацьдзеяньня тыраніі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія дэмакратычныя сілы правядуць зьезд у Варшаве ў дзень выбараў у Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская падвяла вынікі папярэдніх месяцаў працы кансультацыйнай групы «Беларусь-Эўразьвяз»