У сьпіс уключылі «масава-палітычныя, літаратурна-мастацкія, адукацыйныя, культуралягічныя, адукацыйныя СМІ, а таксама выданьні для дзяцей і моладзі, асноўнай мэтай якіх зьяўляецца рэалізацыя дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі: знаёмства грамадзкасьці з актуальнымі праблемамі палітычнага, сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь, функцыянаваньня сыстэмы ідэалёгіі, адукацыі і іншых сацыяльных сфэр краіны», паведамілі ў міністэрстве.
Сьпіс не зьмяніўся ў параўнаньні з 2022–2024 гадамі, у яго зноў уключаныя (у дужках — заснавальнікі і (ці) выдаўцы):
- часопіс «Алеся» (Міністэрства інфармацыі, Беларускае таварыства жанчын);
- «Беларускі гістарычны часопіс» (Міністэрства адукацыі);
- часопіс «Бярозка» (выдавецкі дом «Звязда»);
- газэта «Вместе!» (Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Беларускае таварыства інвалідаў);
- часопіс «Вясёлка» (выдавецтва «Адукацыя і выхаваньне»);
- «Журнал специального назначения» (выдавецкі дом Адміністрацыі прэзыдэнта «Беларусь сегодня»);
- газэта «Звязда» з дадаткамі «Чырвонка. Чырвоная зьмена», «Мясцовае самакіраванне» (Савет Рэспублікі, Палата прадстаўнікоў, Савет Міністраў; БРСМ);
- газэта «Знамя юности» (Міністэрства адукацыі, БРСМ, ВД «Беларусь сегодня»);
- газэта «Зорька» (БРСМ);
- газэта «Літаратура і мастацтва» (Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменьнікаў Беларусі, рэдакцыйна-выдавецкае ўстанова «Літаратура і мастацтва»);
- часопіс «Маладосць» (Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменьнікаў Беларусі, РВУ «Літаратура і мастацтва»);
- часопіс «Мастацтва» (Міністэрства культуры);
- часопіс «Народная асьвета» (Міністэрства адукацыі);
- «Народная газета» (ВД «Беларусь сегодня»);
- часопіс «Нёман» (Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменьнікаў Беларусі, выдавецкі дом «Звязда»);
- часопіс «Полымя» (Міністэрства інфармацыі, Саюз пісьменьнікаў Беларусі, ВД «Звязда»);
- часопіс «Родная прырода» (Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя);
- газэта «Рэспубліка» (Савет Міністраў, ВД «Беларусь сегодня»);
- газэта «СБ. Беларусь сегодня» (Адміністрацыя прэзыдэнта, ВД «Беларусь сегодня»);
- «Сельская газета» (Савет Міністраў, ВД «Беларусь сегодня»);
- газэта «Спортивная панорама» (Міністэрства спорту і турызму).
У рэспубліканскім бюджэце на 2024 год выдаткі на «пэрыядычны друк і выданьне» прадугледжаныя ў памеры 6,7 млн рублёў, на «падтрыманьне тэлевізіі і радыёвяшчаньня» — 142,4 млн рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты Лукашэнкі і безыменныя пікеты. Як дзяржаўныя выданьні асьвятляюць прэзыдэнцкую кампанію цяпер і як гэта рабілася ранейПры гэтым, пачынаючы з 2020 году, узмацніўся ціск на незалежную прэсу. І да таго моманту ён адчуваўся, але пасьля пратэстаў 2020 году рэпрэсіі прычыніліся да таго, што шэраг рэдакцый пакінуў краіну, а шмат газэтаў і часопісаў проста закрыліся.
Шэраг сайтаў і каналаў беларускіх незалежных СМІ прызнаныя экстрэмісцкімі.
На гэты момант у Беларусі 35 работнікаў прэсы знаходзяцца за кратамі праз палітычна матываваныя абвінавачаньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёлета ў «экстрэмісцкі» сьпіс у Беларусі дадалі амаль 2 тысячы матэрыялаўБеларусь заняла 167-е месца ў Сусьветным індэксе свабоды прэсы 2024 году. На першым месцы сярод праблемаў, што зазнаюць беларускія журналісты, якія пасьля падзеяў 2020 году апынуліся за мяжой, — праблемы бясьпекі. Прычым ня толькі ўласнай, але і бясьпекі сваякоў на радзіме. Гэта вынікае з апытаньня, якое правяла Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) у 2024 годзе.
Агулам, паводле падлікаў БАЖ, з больш як 5 тысяч супрацоўнікаў беларускіх мэдыя, якія дзейнічалі ў краіне ў 2020 годзе, за мяжой цяпер знаходзяцца каля 500 чалавек. Колькасьць замежных беларускіх мэдыя і мэдыйных праектаў БАЖ ацэньвае ў 30–40.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь займае чацьвёртае месца ў сьвеце ў колькасьці журналістаў у няволі, — «Рэпартэры бязь межаў»Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.