Беларусь займае чацьвёртае месца ў сьвеце ў колькасьці журналістаў у няволі, — «Рэпартэры бязь межаў»

У сядзібе арганізацыі «Рэпартэры без межаў», архіўнае фота

Беларусь заняла 167-е месца ў Сусьветным індэксе свабоды прэсы 2024 году.

Беларусь займае чацьвёртае месьца ў сьвеце ў колькасьці журналістаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, гаворыцца ў штогадовым дакладзе праваабарончай арганізацыі «Рэпартэры без межаў» (RSF).

Найбольшая колькасьць арыштаваных журналістаў у Кітаі (124, у тым ліку 11 — у Ганконгу), Бірме (61), Ізраілі (41), Беларусі (40), Расеі і Віетнаме (па 38), адзначаюць аўтары дакладу.

Усяго, па дадзеных RSF, у турмах па ўсім сьвеце ўтрымліваецца 550 журналістаў — на 7% больш, чым у папярэднім годзе. У 2024 годзе пазбаўленьня волі прысудзілі 72 журналістам, агульны прызначаны тэрмін зьняволеньня перавысіў 250 гадоў.

У дакладзе падкрэсьліваецца, што гвалт над журналістамі, які «часта чыніцца ўрадамі або ўзброенымі групоўкамі пры поўнай беспакаранасьці», патрабуе «неадкладнага адказу». Неабходна «тэрмінова мабілізаваць усе сілы для абароны журналістаў і журналістыкі».

У дакладзе адзначана «трывожная інтэнсыфікацыя нападаў на журналістаў, асабліва ў зонах канфліктаў, дзе адбылася палова забойстваў журналістаў, зарэгістраваных сёлета».

Самым небясьпечным рэгіёнам названы сэктар Газа, дзе за пяць гадоў «загінула найбольшая колькасьць журналістаў пры выкананьні сваіх абавязкаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенага журналіста Ігара Карнея зноў судзяць

На думку генэральнага дырэктара арганізацыі Тыбо Брутэна, журналістаў у турмы «кінулі рэжымы».

«Гэтыя злачынствы, якія часта арганізуюцца ўрадамі ці ўзброенымі групоўкамі, топчуць міжнароднае права і занадта часта застаюцца беспакаранымі... Мы павінны абараняць тых, хто нас інфармуе, а значыць, абараняць праўду», — падкрэсьліў Брутэн.

Беларусь заняла 167-е месца ў Сусьветным індэксе свабоды прэсы 2024 году, які «Рэпартэры бязь межаў» прадставілі ў траўні. Адзначалася, што «крыжовы паход супраць незалежнай журналістыкі» працягвае Расея (162-е месца), і ў «гэтай зоне з Расеяй супернічаюць толькі дзьве дзяржавы: Беларусь (167-е месца), чый рэжым перасьледуе журналістаў пад маркай барацьбы з „экстрэмізмам“, і Туркмэністан (175-е месца), дзе прэзыдэнт, які мае неабмежаваныя паўнамоцтвы, забараняе любую незалежную інфармацыю».

У індэксе-2023 Беларусь займала 157-е месца, у 2022 годзе — 153-е.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большасьць журналістаў у выгнаньні асьцерагаюцца перасьледу з боку рэжыму Лукашэнкі, — апытаньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты