У Сырыі разбурылі і спалілі магілу Хафеза Асада

Зрынуты бюст былога прэзыдэнта Сырыі Хафеза Асада, бацькі зрынутага Башара Асада, ілюстрацыйнае фота

Магілу былога прэзыдэнта Сырыі Хафеза Асада, бацькі зрынутага Башара Асада, разбурылі і спалілі. Гэта адбылося ў вёсцы Кардаха на паўночным захадзе правінцыі Латакія.

У сацыяльных сетках апублікаванае відэа, на якім узброеныя людзі на фоне пажару скандуюць лёзунгі (BBC вэрыфікавала кадры). На відэа, зробленым AFP, відаць, як гарыць частка маўзалею, а магіла Хафеза спаленая і разбураная.

У гэтай жа грабніцы, разьмешчанай на радзіме дынастыі Асадаў, пахаваны Басіль Асад, старэйшы брат Башара Асада. Менавіта Басіль меўся атрымаць уладу ад бацькі, але загінуў у аўтакатастрофе ў 1994 годзе.

Хафез Асад кіраваў краінай амаль 30 гадоў — з 1971 па 2000 год. Потым прэзыдэнтам стаў ягоны сын Башар Асад, які прабыў ва ўладзе амаль 25 гадоў. Падчас захопу ўлады ўзброенай апазыцыяй па ўсёй краіне руйнавалі статуі і плякаты з выявамі Хафеза і Башара Асада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве заявілі, што прытулак Асаду ў Расеі даў асабіста Пуцін
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніком часовага ўраду Сырыі стаў Мухамад аль-Башыр. Што пра яго вядома

Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі

  • З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
  • Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
  • 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
  • Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
  • На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
  • На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
  • У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
  • 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
  • На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
  • «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.