Нядаўна сёстры Тамара і Ларыса трапілі ў Нацыянальны рэестар рэкордаў Беларусі як самыя пажылыя блізьняты — сёлета ўвосень ім споўнілася па 99 гадоў. Выданьне Onliner распытала ў іх пра сакрэты доўгажыхарства.
Сёстры-блізняты Ларыса Антонаўна Байбус і Тамара Антонаўна Каліноўская жывуць у Ваўкавыску. Нарадзіліся Тамара і Ларыса 22 верасьня 1925 году. Але, як гэта часта бывала ў той час, у пашпарце ў абедзьвюх указаная зусім іншая дата — 25 лістапада. Родныя даведаліся пра блытаніну толькі сёлета, калі падавалі заяўку на рэкорд.
Ларыса Антонаўна ўсё жыцьцё працавала стаматолягам, а Тамара Антонаўна — бухгальтарам на хлебазаводзе. На дваіх у сясьцёр 9 унукаў і 10 праўнукаў. Ларыса і Тамара — адзіныя дзеці ў сям’і. Іх бацька Антон быў родам з Валыні, рабіў машыністам у Лунінцы, дзе і пазнаёміўся з будучай жонкай Марыяй, разам пара перабралася ў Ваўкавыск — па працы.
У сям’і ёсьць сакрэтны падзел: Лёля (Ларыса) — дзелавая модніца (сямейная мянушка — пані Лёля, нават цяпер яна выбірае для сябе эфэктны галаўны ўбор), Тамара — гаспадыня, якая апякуецца над усімі. Але гэта хутчэй нагода для лёгкай іроніі: на працягу ўсяго жыцьця сёстры былі вельмі блізкія. Тамара і Ларыса ўсе сьвяты адзначалі і працягваюць адзначаць толькі разам.
«Яны ўсё жыцьцё не маглі адна без аднае. Калі цэлы тыдзень ня бачыліся — катастрофа. Раіліся ва ўсім. Нават сукенку спачатку сястры трэба было паказаць і толькі потым вырашаць, ці купляць», — расказваюць блізкія.
І цяпер падчас размовы Тамара і Ларыса ў першую чаргу зьвяртаюцца адна да аднае.
«Любіла Лёлечку заўсёды вельмі! Спачатку я ёй дапамагала, бо я засталася з мамай жыць, а яны з мужам у свой дом пераехалі. Потым — таму што яна рана заўдавела», — кажа Тамара.
Праўда, у вайну лёс разлучыў сясьцёр на тры з паловай гады. У дзень пачатку вайны, 22 чэрвеня 1941 году, 15-гадовая Тамара была ў піянэрскім лягеры непадалёк ад Горадні — пуцёўку тады далі толькі аднаму дзіцяці, і ў сям’і вырашылі, што паедзе яна. Зь лягера ўсіх дзяцей пешшу накіравалі на чыгуначную станцыю ў Ліду на эвакуацыю — і Тамара ў выніку апынулася ў Гарадзішчанскім раёне Пензенскай вобласьці, дзе былых школьнікаў разьмеркавалі па калгасах. Пра лёс родных дзяўчына даведалася незадоўга да таго, як адправіцца дадому: бацькі і сястра ўсю вайну правялі ў Ваўкавыску.
У чым сакрэт даўгалецьця сёстраў? Унучка Аляксандра, якая ініцыявала ўнясеньне жанчын у Нацыянальны рэестар рэкордаў Беларусі, лічыць, што сакрэт іх даўгалецьця — «у здаровай ежы, працавітасьці, дабрыні і любові». Паводле яе, абедзьве бабулі дагэтуль у здаровым розуме і добрай памяці, бадзёрыя і вясёлыя, бабуля Тамара да гэтага часу ў сэзон працуе ў агародзе.
«Што тычыцца харчаваньня, галоўны сакрэт — усяго павінна быць у меру. Цалкам адмаўляць сабе ў прыемнасьцях нельга. Напрыклад, бабулін любімы напой — „Кока-кола“. А галоўная фірмовая страва — пячоначны паштэт», — расказвала Аляксандра раней Onliner.
«Я вельмі люблю паесьці! Устаю раненька, бо хачу ўжо есьці, — сьмяецца Тамара Антонаўна. — Сьняданак раблю сабе сама. Устаю, п’ю чаёчак і тры бутэрбродзікі: два на чорным хлебе і адзін на белым. Абед мне прыносіць Мусечка ці мой любы зяць. А вячэраю я заўсёды да шостай вечара!»
Яна кажа, што лішняй вагі ніколі ня мела і «ўсё жыцьцё» выконвала фізычныя практыкаваньні.
«І зараз раблю фізкультуру проста ў ложку, толькі крыху менш. Але ёсьць тры абавязковыя практыкаваньні. Напрыклад, „нажніцы“, калі падымаеш ногі ўверх і заводзіш крыж-накрыж. А яшчэ вельмі люблю варушыць пальцамі, каб ногі мяне лепш трымалі», — кажа яна.
Тамара Антонаўна заўсёды любіла ня толькі смачна паесьці, але і гатаваць. Усе блізкія сходзяцца ў адным: галоўная страва — фаршаваны шчупак.
Тамара Антонаўна дагэтуль ідэальна памятае вершы, якія зь імі ў дзяцінстве развучвала маці. А яшчэ — прыпеўкі.
Дарэчы, сёлета сёстры праславіліся ў інтэрнэце: унучкі завялі для бабуляў акаўнт у TikTok. Пакуль у ім тры відэа, адзін з ролікаў — з уручэньнем сэртыфікату аб рэкордзе — набраў ужо 1,4 млн праглядаў і больш за 220 тысяч падабаек. Замілавала карыстальнікаў сацсетак і яшчэ адно відэа з максымальна аптымістычнай фразай: «Маладосьць прайшла, а старасьць толькі пачынаецца».
Дарэчы, дом, у якім жыве Тамара Антонаўна, таксама хутка адзначыць 100-гадовы юбілей: яго будавалі, калі сёстры зьявіліся на сьвет. Участак быў абсалютна пусты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 7 простых парадаў, як жыць даўжэй і здаравей