Чарговая батарэя зэнітных ракетных комплексаў «Тор-М2» паступіла ва Ўзброеныя сілы, бліжэйшым часам яе разьлікі заступяць на баявое дзяжурства для аховы «паветраных межаў сталіцы», паведаміла 11 сьнежня прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.
Агулам сёлета ў рамках мадэрнізацыі і пераўзбраеньня ў ВПС і войскі СПА паступіла больш за 40 узораў узбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі, паведаміў камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Ўзброеных сіл Андрэй Лук’яновіч.
Паводле Лук'яновіча, Беларусь «захоўвае мірную накіраванасьць сваёй палітыкі». У той жа час ён абвінаваціў «заходніх суседзяў» у тым, што яны нібыта «праводзяць курс на мілітарызацыю, кротна павялічваючы вайсковыя бюджэты, нагнятаючы ваенна-палітычную абстаноўку» вакол Беларусі. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году «нас правяраюць на трываласьць і здольнасьць гарантаваць мір і бясьпеку на беларускай зямлі», лічыць ён.
21 лістапада Мінабароны паведаміла, што ў Беларусь даставілі чарговую батарэю ЗРК «Тор-М2», дапрацаваную «расейскімі канструктарамі з улікам досьведу» выкарыстаньня гэтага ўзбраеньня на вайне супраць Украіны.
Амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) тады выказаў здагадку, што кантроль над яе выкарыстаньнем будзе ў Расеі. Расейскія вайскоўцы, на думку аналітыкаў, інтэгруюць гэтыя новыя сыстэмы ў сумесную рэгіянальную сыстэму супрацьпаветранай абароны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея створаць тры навучальныя цэнтры для сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў- У лютым намесьнік міністра абароны Беларусі па ўзбраеньні Андрэй Федзін казаў, што ў 2023 годзе на ўзбраеньне прынята больш за 70 розных узораў узбраеньня і тэхнікі, сярод іх — ударныя верталёты Мі-35М, ракетны комплекс В-300 «Палянэз-М», апэратыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М», зэнітны ракетны комплекс «Тор-М2». Тады ж ён анансаваў прыняцьце на ўзбраеньне мадэрнізаванага ЗРК Бук-МБ2, бронетранспартэра V-2 і ўдарнага бесьпілётнага авіяцыйнага комплексу «Чакан».
- 10 сьнежня Дзяржваенпрам заявіў пра пасьпяховае выпрабаваньне «першай айчыннай кіраванай ракеты» 9М318, распрацаванай для зэнітна-ракетнага комплексу Бук-МБ2. Сьцьвярджаецца, што яна павялічыла зону паражэньня ЗРК «Бук-МБ2» да 70 кілямэтраў.
- Пасьля таго як Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў, у Беларусі няспынна праходзяць розныя вайсковыя вучэньні, трэніроўкі, зборы.
- У канцы красавіка 2024 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея разьмясьціла ў Беларусі некалькі дзясяткаў ядзерных боепрыпасаў. Праўда, экспэрты кажуць, што няма пераканаўчых доказаў разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі.
- На наступны год заплянаваныя буйныя беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025», таксама Беларусь і Расея падпісалі «больш за 160 дамоваў аб правядзеньні сумесных мерапрыемстваў у вайсковай сфэры ў 2025 годзе».