Былая студэнтка факультэту філязофскіх і сацыяльных навук БДУ Ксенія Сырамалот расказвае пра сваю эвакуацыю зь Беларусі пасьля таго, як правяла больш за два гады ў турме ў «справе студэнтаў», у дакумэнтальным праекце Свабоды «Скрадзеная маладосьць».
Ксеніі Сырамалот 24 гады, цяпер яна жыве ў Вільні, Літве. Пасьля таго, як Ксенія выйшла з гомельскай калёніі, ёй паставілі забарону на выезд зь Беларусі.
«Табе кажуць: „Трэба ўладкавацца на працу“. Але я вельмі доўга не магла нічога знайсьці. Мяне ня бралі на склад зьбіраць заказы для „Е-дастаўкі“, бо ў мяне „экстрэмісцкі“ артыкул. Па той жа самай прычыне мяне не ўзялі прадавачкай у краму», — кажа дзяўчына.
Толькі праз тры месяцы, калі Ксенія стала на ўлік у Цэнтар сацыяльнай абароны, ёй знайшлі працу мэдрэгістратаркай.
«Але ў нейкі момант ты пачынаеш думаць, што ты тут застанесься навечна, зь мізэрным заробкам на працы не па спэцыяльнасьці і не па жаданьні. У цябе няма будучыні, ты проста тут сап’есься. Я сапраўды так думала», — кажа Ксенія.
У пэўны момант Ксенія вырашыла больш не заставацца ў Беларусі. Паколькі забарона на выезд усё яшчэ дзейнічала, дзяўчына ішла празь лес і пераплывала раку, каб перасячы беларуска-літоўскую мяжу.
«Плюс 12 было недзе. Мне было вельмі страшна. Канешне, мне хацелася сядзець ва ўтульнай кватэры, а не ісьці ўначы па лесе і тым больш не пераплываць рэчку ўвосень, у плюс 12».
Ксенія кажа, што праз адрэналін яна не захварэла. «Нават не адчувалася нізкая тэмпэратура вады. Напэўна, арганізм проста мабілізаваўся», — кажа яна.
На літоўскім баку Ксенія патэлефанавала ў 112 і сказала: «Забярыце мяне, я перасекла мяжу». Пасьля прыехалі літоўскія памежнікі і знайшлі яе каля ракі.
«Было страшна ў моманце: калі ты адна, яшчэ ня выйшла з вады, сядзіш на купіне, чакаеш, калі цябе знойдуць. Думаеш, можа, тут і застанесься», — успамінае сваю эвакуацыю Ксенія.
У Вільні Ксенія пасьпяхова скончыла Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт і працуе ў беларускай ініцыятыве «Годна».
Ксенія — адна з фігурантак справы студэнтаў. Цалкам яе гісторыю глядзіце ў фільме Свабоды «Скрадзеная маладосьць».
Дакумэнтальны праект Свабоды «Скрадзеная маладосьць: справа студэнтаў» — гэта шэсьць гісторый студэнтаў, выпускніцы і выкладчыцы, якія правялі больш за два гады ў турме за тое, што далучыліся да пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Ася Булыбенка, Алана Гебрэмарыям, Марыя Каленік, Ксенія Сырамалот, Ільля Трахтэнбэрг, Вольга Філатчанкава расказваюць сваю гісторыю ад затрыманьня да эвакуацыі і жыцьця ў эміграцыі.
Які сьлед пакідае турма на маладосьці, аб чым шкадуюць і аб чым не, як «навярстаць» скрадзеныя гады — у праекце Свабоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Скрадзеная маладосьць». Шэсьць гісторый студэнтаў, якія прайшлі праз турму