Лукашэнка расказаў, дзе ён хоча ў Беларусі разьмясьціць «Арэшнік» і што зь ім рабіць

Аляксандр Лукашэнка, архіўнае фота

Заява прагучала падчас паездкі Лукашэнкі ў Барысаў.

Аляксандар Лукашэнка расказаў, дзе ў Беларусі плянуюць разьмясціць расейскія ракетныя комплексы «Арэшнік», перадае афіцыйнае агецнтва БелТА.

«Усё гэта прадумана сёньня. Мы цяпер думаем, дзе, на якіх плошчах разьмясьціць гэтую зброю. У нас ад разьмяшчэньня стратэгічных ядзерных ракет пляцоўкі захаваныя», — сказаў ён.

«У нас дзясяткі тры такіх пляцовак. Вось мы выберам, таму што там мінімальная адлегласьць да аб’ектаў паражэньня павінна быць. Разьмесьцім і нацэлім. Вы, напэўна, заўважылі, што мая ўмова Пуціну была адна: „Цэлі вызначаць будзем мы ў Беларусі, не расейцы. Але эксплюатаваць дапаможаце“. Гэта значыць, разам будзем націскаць на кнопку, ня дай Бог, калі гэта трэба. Але цэлі будзем вызначаць мы. Пагадзіўся», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка заявіў, што ўстаноўку ў Беларусі зробяць самі, а ракету бясплатна расейцы паставяць у другой палове наступнага году.

Зь Беларусі вывелі ў Расею ўсе савецкія стратэгічныя ядзерныя ракеты да 1996 году, адну зь іх пляцовак узарвалі, рэшту закінулі.

Лукашэнка таксама заявіў, што нібыта ў Беларусі знаходзіцца ядзерная зброя:

«Я сюды ўвёз ядзерныя боегалоўкі. Не адзін дзясятак штук. Многія пішуць: „А, гэта жарт, ніхто нічога не ўвёз“. Увезьлі. А тое, што яны гавораць, што гэта жарт, значыць, яны празявалі. Яны нават не заўважылі, як мы сюды іх завезьлі», — сказаў Лукашэнка.

Незалежнага пацьвярджэньня таго. што ў Беларусі разьмешчаная расейская ядзерная зброя няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Арэшнік» для Беларусі. Куды Лукашэнка ўцягвае краіну

Што такое «Арэшнік»

21 лістапада ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны паведамілі, што раніцай Расея з Астраханскай вобласьці запусьціла на ўкраінскі горад Дніпро міжкантынэнтальную балістычную ракету.

Адбылося гэта празь некалькі дзён пасьля паведамленьняў, што Ўкраіна выкарыстала пастаўленыя Вялікай Брытаніяй ракеты Storm Shadow і вырабленыя ў ЗША сыстэмы ATACMS для нанясеньня ўдараў па вайсковых аб’ектах у глыбіні Расеі пасьля доўгачаканага дазволу прэзыдэнта Джо Байдэна.

Увечары 21 лістапада Ўладзімір Пуцін выступіў зь неанансаваным зваротам да грамадзян, у якім, сярод іншага, заявіў, што Расея нанесла ўдар па Ўкраіне балістычнай ракетай, і назваў гэта адказам на дазвол Захаду Ўкраіне атакаваць цэлі на тэрыторыі Расеі далёкабойнай зброяй.

22 лістапада Пуцін заявіў, што новая расейская ракета сярэдняй далёкасьці, здольная несьці ядзерную зброю, будзе працягваць праходзіць выпрабаваньні, уключаючы баявыя ўмовы, як гэта адбылося падчас удару па Ўкраіне.

22 лістапада «Арэшнік» Лукашэнка прапанаваў разьмясьціць у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вальфовіч заявіў, што Лукашэнка мае «ядзерны чамаданчык» і «чырвоную кнопку». Раней Расея гэта абвяргала
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інстытут вывучэньня вайны ацаніў апошнія заявы Лукашэнкі як агрэсіўную рыторыку на карысьць Масквы