Атаковалі вайсковыя базы, дзясяткі зьнішчальнікаў, паветрана-ракетныя комплексы, вытворчыя пляцоўкі і склады ракет, удакладняецца ў паведамленьні.
Такую лічбу таксама назваў Сырыйскі цэнтар маніторынгу за выкананьнем правоў чалавека (SOHR), які базуецца ў Лёндане. Паводле яго зьвестак, за апошнія 48 гадзін у выніку бамбаваньняў ізраільскіх ВПС былі зьнішчаныя найважнейшыя вайсковыя аб’екты зьвергнутага рэжыму Башара Асада, уключаючы авіябазы ў правінцыях Хама, Хомс, а таксама ў Латакіі, дзе разьмешчаныя расейскія вайсковыя базы.
У прыватнасьці, недалёка ад Латакіі Ізраіль нанёс удар па аб’екце СПА і пашкодзіў караблі сырыйскіх ВМС, а таксама вайсковыя склады. У Дамаску і яго навакольлях удары былі нанесеныя па вайсковых аб’ектах, дасьледчых цэнтрах і упраўленьні радыёэлектроннай барацьбы.
Карэспандэнты AFP паведамлялі аб гучных выбухах у Дамаску ў аўторак раніцай.
Аб удары Ізраіля па найбуйнейшых авіябазах Сырыі і зьнішчэньні самалётаў і верталётаў сырыйскіх ВПС паведамілі крыніцы Reuters і Al Arabiya.
8 снежня ізраільскія вайскоўцы ўпершыню з 1973 году перайшлі дэмілітарызаваную памежную зону і ўвайшлі ў буфэрную зону паміж ізраільскімі і сырыйскімі пазіцыямі на Галанскіх вышынях, а таксама занялі «прылеглыя стратэгічныя пазіцыі». Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Ізраіля Біньямін Нэтаньягу.
Галянскія вышыні, акупаваныя падчас вайны 1967 года, Ізраіль лічыць сваёй тэрыторыяй. Большасьць краін сьвету па-ранейшаму прызнае іх тэрыторыяй Сырыі. Ізраільскія войскі зараз увайшлі ў раёны, якія сам Ізраіль афіцыйна не абвяшчаў ізраільскімі.
Як паведамляе тэлеканал Al Mayadeen, ізраільскія танкі прасунуліся каля горада Эль-Кунэйтра за 55 кілямэтраў ад Дамаска і працягваюць рух у бок сырыйскай сталіцы. Паводле дадзеных крыніц, зараз яны знаходзяцца за 20 кілямэтраў ад Дамаска.
Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі
- З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
- 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
- Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
- На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
- На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
- У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
- 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
- На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
- «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.