Што адбываецца ў Сырыі пасьля зрынаньня рэжыму Асада. ФОТА

Дамаск, 9 сьнежня 2024

Сырыйскія паўстанцы, якія ўзялі пад кантроль Дамаск і іншыя буйныя гарады Сырыі, працягваюць вызваляць зьняволеных з турмаў, у тым ліку з найбуйнейшай дамаскай турмы Сэдная, дзе ўтрымліваліся супернікі рэжыму Башара Асада.

Многія зь іх правялі за кратамі гады і нават дзесяцігодзьдзі. Турма мае рэпутацыю катавальні, праваабарончая арганізацыя Amnesty International апісваў яе як «чалавечую бойню».

Турму аглядаюць у пошуках патаемных памяшканьняў, дзе таксама могуць знаходзіцца зьняволеныя. Адчыніць некаторыя камэры не ўдалося, дзьверы спрабуюць узламаць пры дапамозе кувалдаў і дамкратаў.

Людзі паказваюць свае мабільныя тэлефоны з фатаздымкамі блізкіх чалавеку, які толькі што выйшаў з турмы. Алепа, 9 сьнежня 2024

Сярод вызваленых ёсьць людзі, якія ў дакумэнтах лічыліся пакаранымі або зьніклымі бязь вестак, а таксама дзеці, народжаныя ў турме, піша Associated Press.

Многія сырыйцы прыходзяць да турмаў у надзеі адшукаць сваіх блізкіх, раней выкрадзеных спэцслужбамі Асада.

Людзі ў калідорах турмы Сэдная пад Дамаскам. 9 сьнежня 2024

Сярод іх можа быць амэрыканскі журналіст Остын Тайс, які 12 гадоў таму быў асуджаны ў Сырыі на турэмнае зьняволеньне, і з таго часу інфармацыі пра яго не было. ФБР аб’явіла, што выплаціць узнагароду ў 1 мільён даляраў за інфармацыю, якая дапаможа знайсьці Тайса і вярнуць яго дадому.

Абстаноўка на вуліцах сырыйскіх гарадоў у цэлым спакойная, СМІ паведамляюць пра некалькіх выпадкаў лякальных беспарадкаў.

Дзяўчына са сьцягам паўстанцаў на твары. Дамаск, 9 сьнежня

Аднак у гарадах выстройваюцца чэргі па хлеб і іншыя харчы, паколькі большасьць крамаў на час паўстаньня закрылася.

Дамаск, 9 сьнежня 2024

Цэнтральны банк Сырыі паведаміў, што яго аддзяленьні, а таксама аддзяленьні камэрцыйных банкаў, з аўторка адновяць працу ў звычайным рэжыме.

На КПП на межах Сырыі, найперш з Турэччынай і Лібанам, у панядзелак назіраліся чэргі з сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца на радзіму. Адзначаўся і зваротны паток з сырыйцаў, якія пакідаюць краіну, баючыся беспарадкаў. Пакуль ён невялікі, аднак кіраўнік МУС Лібана Басам Маўлаві запатрабаваў прыняць неадкладныя захады, каб не дапусьціць незаконнага перасячэньня мяжы.

Сырыйскія ўцекачы, якія жывуць у Турэччые, чакаюць у чарзе на мяжы ўезду ў Сырыю. 9 сьнежня 2024

Ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ), якая адыгрывае вядучую ролю ў паўстаньні супраць Асада, зрабіла ў панядзелак шэраг заяў. Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, абвясьціўшы для іх амністыю.

Сырыйскія паўстанцы ў Дамаску. 8 сьнежня 2024

Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.

Паўстанцы таксама заявілі, што жанчыны Сырыі будуць мець права самі вырашаць, як ім апранацца і чым займацца ў жыцьці. Яны назвалі непрымальным увядзеньне якой-небудзь паліцыі нораваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страта Сырыі — «магутная поўха» для Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сырыі паўстанцы знайшлі сакрэтныя падземныя камэры ў турме — яны ня могуць іх разблякаваць і вызваліць вязьняў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На межах Сырыі чэргі з уцекачоў, якія хочуць вярнуцца дадому. Краіны ЭЗ спыняюць разгляд прашэньняў аб прытулку ад сырыйцаў

Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі

  • З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
  • Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
  • 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
  • Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
  • На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
  • На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
  • У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
  • 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
  • На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
  • «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.