З пачатку дзеяньня новых правілаў для таксі ў Беларусі канфіскавалі дзясяткі машын

З 1 лістапада ў Беларусі канфіскавалі дзясяткі аўтамабіляў, якія парушылі заканадаўства, што рэгулюе сфэру таксі.

Рэестар аўтамабільных перавозак пасажыраў пачаў працаваць у Беларусі з 1 жніўня. На працягу трох месяцаў, да 1 лістапада, у ім павінны былі зарэгістравацца ўсе дыспэтчары, кіроўцы і транспарт кампаній, якія хочуць і далей працаваць у сфэры нерэгулярных пасажырскіх перавозак. Раней у Міністэрстве транспарту папярэджвалі, што ў тых, хто своечасова гэтага ня зробіць, будуць канфіскоўваць аўтамабілі.

Зь 1 лістапада ў Беларусі канфіскавалі некалькі дзясяткаў аўтамабіляў парушальнікаў, расказаў намесьнік міністра транспарту і камунікацыяў Сяргей Дубіна ў эфіры СТВ, піша «Люстэрка».

«Мы, вядома, імкнёмся акуратна размаўляць зь перавозчыкамі, з дыспэтчарскімі службамі. Але тым ня менш мы сёньня ўжо бачым, на каго ня дзейнічае прафіляктыка. І мы правялі шэраг кантрольных мерапрыемстваў. Гэтыя кантрольныя мерапрыемствы, як правіла, былі мэтанакіраванымі, то бок мы ведалі, дзе трэба працаваць. У нас з 1 лістапада канфіскаваны 61 транспартны сродак», — паведаміў ён.

Намесьнік міністра транспарту і камунікацыяў Сяргей Дубіна прывёў крыху іншыя лічбы, а таксама расказаў пра выпадкі канфіскацыі аўтамабіляў таксі, якія замест дастаўкі грузаў перавозілі пасажыраў:

«З 63 аўтамабіляў, якія былі абазначаныя транспартнай інспэкцыяй і канфіскаваныя, пяць аўтамабіляў канфіскавалі менавіта пры ажыцьцяўленьні дастаўкі. Нібыта дастаўка грузаў, насамрэч — перавозка пасажыраў. Такія выпадкі таксама выяўляюцца», — паведаміў ён.

Раней улады Беларусі пагражалі заблякаваць «Яндэкс Go» праз таксістаў-нелегалаў. Сэрвіс пасьля 1 лістапада працягваў дасылаць заказы таксістам, ня ўключаным у рэестар.

Пасьля зьменаў заканадаўства, якое рэгулюе сфэру таксі, у таксістаў вырасьлі выдаткі, што пацягнула за сабой і рост цэнаў на паслугі таксі. У выніку некаторыя пасажыры таксі сталі заказваць дастаўку, паколькі ў асобных выпадках яна можа каштаваць таньней за паслугі таксі.

  • 25 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які прадугледжвае стварэньне ў Беларусі «рэестру аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах». У яго хацелі ўключыць усіх дыспэтчараў, перавозчыкаў, кіроўцаў і транспартныя сродкі. Калі перавозчык не ў рэестры — ён працуе незаконна. Каб трапіць у рэестар, трэба плаціць. За адну машыну — дзьве базавыя велічыні (74 рублі). За аднаго кіроўцу — адну (37 рублёў). За дыспэтчара — 100 базавых (3700 рублёў). Раней кіроўца таксі ня плаціў гэтых пабораў.
  • Таксама, паводле закону, кіроўцы за свае грошы мусяць абсталяваць салён машыны камэрай відэаназіраньня, каб паездка фіксавалася на відэа.
  • Акрамя гэтага, згодна з новым законам, перавозчыкаў і дыспэтчараў прымусяць даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах.
  • Дыспэтчараў прымусілі адкрыць юрыдычную асобу ў Беларусі і разьмясьціць сэрвэры ўнутры краіны.
  • Як тлумачылі Свабодзе таксісты, якія адной з асноўных праблемаў для таксістаў было ўсталяваньне абавязковых відэарэгістратараў, што цяжка было зрабіць у акрэсьлены час. Паводле суразмоўцаў, іх проста не хапала на ўсіх ахвотных. Яшчэ адна праблема — павелічэньне выдаткаў. Да рэформы ў самым буйным гульцы рынку «Яндэкс Таксі» працавала шмат кіроўцаў, для якіх гэта быў не галоўны занятак, а спосаб падзарабіць. Цяпер, калі ў далейшую працу трэба ўкласьціся і грашыма (відэарэгістратары) і часам (рэгістрацыя, перакваліфікацыя), ім такая падпрацоўка проста стала нявыгаднай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падаражэла на 30-40%». Што адбываецца з сэрвісам таксі ў Беларусі і ці могуць зьнізіцца цэны