Дзяржаўны сьцяг Сырыі зьнялі з флягштока на будынку амбасады ў Менску, паведаміла 9 сьнежня агенцтва ТАСС.
Пакуль флягшток на тэрыторыі амбасады пустуе. Паведамляецца, што каля амбасады спакойна, меры бясьпекі ня ўзмоцненыя.
Амбасада Сырыі ў Менску апублікавала зварот МЗС краіны да «сырыйскіх братоў», якія жывуць у Беларусі, у якім МЗС Сырыі гаворыць пра «новую старонку ў гісторыі краіны» і абяцае, што ўсе дыпляматычныя прадстаўніцтвы Сырыі за мяжой працягнуць працу і будуць выконваць свае абавязкі — «служыць суграмадзянам і аказваць ім дапамогу ў вырашэньні іх спраў, грунтуючыся на аказаным ім даверы, прадстаўляць сырыйскі народ».
Раней амбасада Сырыі ў Расеі ўсталявала сьцяг сырыйскіх паўстанцаў над сваім будынкам у Маскве. Таксама новы сьцяг пачалі вывешваць на будынкі сырыйскіх амбасадаў у іншых краінах. Новы сьцяг — зялёна-бела-чорны, на белай паласе тры чырвоныя зоркі. Пры Башару Асаду сьцяг Сырыі быў таксама трохкаляровы — чырвона-бела-чорны зь дзьвюма зялёнымі зоркамі.
Амбасада Беларусі ў Сырыі працягвае працу
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз паведаміў, што амбасада Беларусі ў Сырыі працягвае сваю работу ў Дамаску, «нягледзячы на складаныя ўмовы».
«Становішча складанае, таму замежнай установай прынятыя ўсе прадугледжаныя ў такой сытуацыі меры бясьпекі. Пры гэтым мы прынялі да ўвагі заяву прадстаўнікоў узброенай апазыцыі, якая прыйшла да ўлады, аб гарантыях бясьпекі дыпляматычных прадстаўніцтваў, якія застаюцца ў Дамаску», — заявіў Глаз.
Паводле яго, на тэрыторыі Сырыі знаходзяцца беларускія грамадзяне, якія з розных прычын не пакінулі краіну пасьля адпаведных папярэджаньняў. Яны падтрымліваюць кантакт з амбасадай і атрымліваюць неабходныя рэкамэндацыі.
Прэс-сакратарка Лукашэнкі пра сытуацыю ў Сырыі: «Беларусь ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы»
Сытуацыю ў Сырыі пракамэнтавала прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант.
«За разьвіцьцём падзеяў у Сырыі мы ўважліва назіраем. Хоць і не зьяўляемся зацікаўленым гульцом у рэгіёне і ніякім чынам ня ўмешваемся ва ўнутраныя справы», — сказала Эйсмант.
Прэс-сакратарка Лукашэнкі адзначыла, што сырыйскі народ «быў і застаецца для Беларусі дружалюбным», і таму «нам па-чалавечы неабыякавыя працэсы, якія там адбываюцца». Паводле Эйсмант, Беларусь «у любых вострых сытуацыях (дзе б яны яны ні адбываліся) заклікала і заклікае да міру» і таму выступае за як найхутчэйшую стабілізацыю сытуацыі ў Сырыі «ў інтарэсах дабрабыту людзей».
- 27 лістапада ўзброеныя сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі сырыйскага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс), а 8 сьнежня ўвайшлі ў Дамаск, падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад.
- У МЗС Расеі заявілі, што Башар Асад правёў перамовы з апазыцыйнымі сіламі і ў выніку «вырашыў пакінуць прэзыдэнцкую пасаду, пакінуў краіну і даў указаньне перадаць уладу мірным шляхам». Увечары Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак.
- На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве расейскія вайсковыя базы. Авіябаза Хмэймім крытычна важная для Расеі як хаб паміж Масквой і Афрыкай — шматлікія рэйсы Міністэрства абароны ў ЦАР, Лібію і іншыя афрыканскія краіны выконваюцца праз базу ў Сырыі.
Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі
- З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
- 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
- Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
- На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
- На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
- У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
- 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
- На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
- «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.