Прызначаны міністар унутраных спраў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч заявіў, што ня бачыць неабходнасьці ў закрыцьці пунктаў пропуску «Меднікі» і «Салечнікі» на мяжы зь Беларусьсю.
«Памежнікі, на мой погляд, выконваюць сваю працу, але, магчыма, варта правесьці аналіз сытуацыі і падрыхтавацца да магчымых складанасьцяў. Мы абмяркуем гэта з кіраўніцтвам, вывучым цяперашнюю абстаноўку. Цяпер я ня бачу неабходнасьці закрываць памежныя пераходы», — заявіў Уладзіслаў Кандратовіч у эфіры на тэлеканале LRT.
Новы міністар удакладніў, што гэтыя пункты пропуску немагчыма закрыць празь міжнародныя абавязаньні. «Важна разумець, што пункты пропуску, што засталіся дзейныя, выконваюць і міжнародныя функцыі. Транзыт ажыцьцяўляецца ня толькі ў Беларусь ці Расею, але і далей», — патлумачыў ён.
Летась у жніўні ўрад Літвы ўхваліў рашэньне аб закрыцьці чатырох з шасьці пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю, а таксама забараніў пропуск пешаходаў і раварыстаў празь дзейныя пункты пропуску ў Медніках і Салечніках.