Рэкордныя выдаткі на абарону заплянаваныя ў польскім бюджэце налета. Парлямэнт Польшчы на 2025 год на мэты, зьвязаныя з абаронай краіны, прадугледзеў 186 млрд злотых. Гэта больш за 44 млрд эўра ў эквіваленце, паведамляе Польскае радыё.
Раней генэральны сакратар NATO Марк Рутэ заклікаў хаўрусьнікаў павялічыць фінансаваньне абаронных мэтаў і мінімальны парог выдаткаў. Паводле яго, актуальны ўзровень у 2% ВУП на абарону недастатковы.
Цяпер Польшча выдатковае на мэты, зьвязаныя з абаронай краіны, больш за 4% ВУП. За ёй ідуць Эстонія і ЗША — больш за 3% ВУП.
На мінулым тыдні бюджэт дзяржавы на наступны год прынялі ў беларускай Палаце прадстаўнікоў. Дзяржаўныя выдаткі прадугледжаныя на ўзроўні 50 млрд 300 млн беларускіх рублёў (больш за 14 млрд 530 млн эўра ў эквіваленце).
Такім чынам, выдаткі Польшчы на абарону ў больш як тры разы перавышаюць цэлы бюджэт Беларусі.
У сваю чаргу на абарону ў 2025 годзе афіцыйны Менск плянуе прызначыць 4 млрд 730 млн рублёў (1 млрд 367 млн эўра ў эквіваленце).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Буфэрную зону на мяжы зь Беларусьсю плянуецца пашырыць, — МУС Польшчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Польшчы назваў лінію абароны на расейскай і беларускай межах «інвэстыцыяй у мір»