Мабільная праграма Adidas Running пакіне Беларусь. Пра гэта стваральнікі праграмы апавясьцілі яе карыстальнікаў, якія знаходзяцца ў краіне.
Ужо 15 студзеня 2025 году праграму выдаляць зь «лічбавай экасыстэмы», піша «Точка».
Уся інфармацыя пра заняткі спортам, профілі і статыстыка будуць выдаленыя. Таму цяпер распрацоўнікі просяць людзей, каму гэта трэба, пасьпець спампаваць свае зьвесткі да пазначанай даты, каб ня страціць іх.
Adidas Running раней пакінуў Расею, гэта адбылося 31 сакавіка з прычыны вайны, якую расейцы працягваюць ва Ўкраіне. Перад гэтым расейскіх карыстальнікаў таксама апавясьцілі пра спыненьне дзейнасьці ў іхнай краіне.
Прычыны выхаду зь Беларусі распрацоўнікі Adidas Running не апісваюць, але яны, відавочна, таксама тычацца вайны, а менавіта саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў пуцінскай агрэсіі, за што супраць краіны ўвялі міжнародныя санкцыі.
Раней Беларусь ужо пакінулі шэраг аўтарытэтных кампаній і мноства папулярных праграмаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска і ўкраінка зрабілі мабільную праграму, якая дапамагае часовым эмігрантамЯкія распрацоўнікі і праграмы пакінулі Беларусь
Playgendary
Міжнародны распрацоўнік і выдавец мабільных гульняў са штаб-кватэрай на Кіпры. На сёньня агульная колькасьць запампоўваньняў гульняў перавышае 3 мільярды. Штомесячная аўдыторыя — 250+ мільёнаў актыўных карыстальнікаў. У камандзе 300 чалавек. У Беларусі восеньню 2021 году працавала каля 120 чалавек, пасьля 24 лютага 2022 штат скараціўся ўтрая літаральна за некалькі месяцаў.
Verv
Кампанія стварае мабільныя праграмы ў катэгорыі Health and Fitness. На менскай сядзібе Verv працавалі каля 100 чалавек. Цяпер большасьць супрацоўнікаў у Польшчы.
Akveo
Займаецца распрацоўваньнем уласных праграмных прадуктаў для сеціва і мабільных рашэньняў (ngx-admin, Kitten Tricks і іншыя). Прадукты прымяняюцца ў аўтамабільнай, турыстычнай, банкаўскай, мэдыцынскай, тэлекамунікацыйнай і адукацыйнай галінах.
TangoMe
Амэрыканская кампанія, разьвівае аплікацыю для онлайн-трансьляцый Tango Live. Гэта адна зь вядучых плятформаў для онлайн-трансьляцый па ўсім сьвеце. Гадавы абарот ацэньваецца ў 400 мільёнаў даляраў.
Apalon
Інтэрнэт-кампанія, асноўнымі прыярытэтамі якой зьяўляецца распрацоўваньне праграмных прадуктаў у галіне пошуку інфармацыі, электроннай камэрцыі, онлайн-навучаньня, сацыяльных сетак.
Playtika
Кампанія лічбавых забаваў, якая спэцыялізуецца на распрацоўваньні і публікацыі азартных і сацыяльных гульняў, заснаваная ў 2010 годзе ў Ізраілі, штаб-кватэра — у горадзе Герцліі. Кампанія мае больш за 30 мільёнаў актыўных карыстальнікаў на месяц. Па выніках 2022 году Playtika ўвайшла ў топ-10 мабільных выдаўцоў, якія зарабляюць найбольш.
Match Group
Амэрыканская кампанія, якая валодае папулярнай праграмай для знаёмстваў Tinder, спыніла працу аплікацыі ў Беларусі 15 лютага 2024 году, на наступны дзень пасьля Дня ўсіх закаханых. Праз выхад Match Group зь беларускага рынку спынілі сваю працу яшчэ дзьве аплікацыі для знаёмстваў у сеціве — Hinge і OkCupid.
Fibery
Праграмнае забесьпячэньне кампаніі дапамагае кіраваць камандамі, ствараць інструмэнты для аптымізацыі працоўнага працэсу.
Miro
Онлайн-плятформа для сумеснай працы, інтэрактыўная онлайн-дошка.
Coda
Усясьветнавядомая праграма для рэдагаваньня дакумэнтаў.
Belka Games
Адзін з найбуйнейшых мабільных распрацоўнікаў зь беларускімі каранямі. Студыя — стратэгічны партнэр AppLovin, сусьветнай мабільнай рэклямнай плятформы. Belka Games увайшла ў топ-100 мабільных паблішэраў сьвету паводле вэрсіі App Annie.
Gurtam
Кампаніі належаць плятформа для спадарожнікавага маніторынгу Wialon і плятформа flespi для паскоранай распрацоўкі геалякацыйных рашэньняў. Да Wialon падключана больш за 3,5 млн машын і іншых аб’ектаў у больш як 150 краінах сьвету.
Akveo
Прадукты кампаніі прымяняюць у аўтамабільнай, турыстычнай, банкаўскай, мэдычнай, тэлекамунікацыйнай і адукацыйнай галінах.
Гэта ня поўны сьпіс кампаній і праграмаў, якія пакінулі Беларусь за апошнія гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год беларускі ІТ-сэктар страціў тысячы спэцыялістаў