Рэакцыі ў сьвеце на падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі

Партрэт БАшара Асада на вуліцы ў Сырыі, ілюстрацыйнае фота

Партрэт БАшара Асада на вуліцы ў Сырыі, ілюстрацыйнае фота

У ноч на нядзелю ўзброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, узялі пад кантроль сталіцу Сырыі Дамаск і аб’явілі, што рэжым зрынуты. Асад уцёк з краіны, як мяркуецца, на самалёце. Але дагэтуль невядома, дзе ён.

Рэакцыі сабрала расейская служба Свабоды. Дзейны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што «ўважліва сочыць» за разьвіцьцём падзей у Сырыі. А Дональд Трамп, які неўзабаве ўвойдзе на пасаду афіцыйна, зьвязаў падзеньне рэжыму Асада з тым, што той страціў падтрымку Расеі, якая была яго абаронцаў.

Спэцыяльны пасланьнік ААН па Сырыі Ота Пэдэрсан назваў падзеі гэтага тыдня «водападзелам» у сырыйскай гісторыі, які скончыў «амаль 14 гадоў пакуты і невыказных стратаў». Ён спадзяецца, што сырыйцы, якія ў апошнія паўтара дзясятка гадоў пакінулі краіну, змогуць вярнуцца дадому і ўзьяднацца са сваімі сем’ямі, а ўзброеныя групоўкі, якія ўзялі пад кантроль Дамаск, будуць выконваць закон і парадак і абараняць цывільнае насельніцтва, аднавіўшы адзіную незалежную Сырыю пры падтрымцы міжнароднай супольнасьці.

Прэм’ер-міністар Ізраіля Біньямін Нэтаньягу назваў дзень гістарычным для Блізкага Ўсходу, а зрынуты рэжым Асада — ключавым для «іранскай восі зла». Наведаўшы ізраільскія войскі ля мяжы з Сырыяй, ён заявіў, што пераварот у гэтай краіне стаў «прамым вынікам» удараў Ізраілю па Іране і ісламісцкім руху «Хэзбала», на падтрымку якіх абапіраўся ўрад Асада.

Міністар замежных спраў Турэччыны Хакан Фідан на дыпляматычнай сустрэчы ў катарскай Досе заклікаў міжнародныя арганізацыі і ўлады блізкаўсходніх краін дзейнічаць разважліва і захоўваць тэрытарыяльную цэласнасьць Сырыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі ў фатаздымках

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі папярэдзіў: «Цяпер расейцы адступаюць з Сырыі, але гэта ня значыць, што яны ня вернуцца і не пачнуць зноў сеяць там сьмерць». Ягоныя словы цытуе агенцтва Reuters. Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сібіга напісаў: «Так было і будзе з усімі дыктатарамі, якія робяць стаўку на Пуціна. Ён заўсёды здраджвае тым, хто спадзяецца на яго. Цяпер галоўнае — аднавіць бясьпеку ў Сырыі і абараніць яе жыхароў ад гвалту». Сібіга заявіў, што Ўкраіна гатовая аднавіць адносіны з Сырыяй пасьля зьмены ўлады ў гэтай краіне.

Прыкметай слабасьці Расеі, як і Ірану, назвала падзеньне рэжыму Асада кіраўніца дыпляматычнага ведамства ЭЗ Кая Калас. Само зьвяржэньне Асада яна назвала «станоўчай і доўгачаканай падзеяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Башар Асад пакінуў Сырыю і пасаду кіраўніка дзяржавы. Заяву пра гэта распаўсюдзіў ня ён, а МЗС Расеі

Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц заявіў, што Башар Асад прыгнятаў уласны народ і што зараз на тэрыторыі краіны важна «аднавіць закон і парадак». Ён падкрэсьліў, што канфлікт у Сырыі можа быць разьвязаны палітычнымі сродкамі ў рамках рэзалюцыі 2254 Рады Бясьпекі ААН, прынятай у 2015 годзе. Яна прадугледжвае правядзеньне ў краіне выбараў пад назіраньнем ААН і распрацоўку канстытуцыі.

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон сьцісла напісаў у сацыяльнай сетцы Х: «Барбарская дзяржава пала. Урэшце». Ён паабяцаў, што Францыя па-ранейшаму будзе выступаць за бясьпеку на Блізкім Усходзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страта Сырыі — «магутная поўха» для Расеі