Дэпутаты ад кіраўнічай партыі ня сталі галасаваць за імпічмэнт прэзыдэнту Паўднёвай Карэі

Акцыя ў Сэуле ў падтрымку імпічмэнту, 7 сьнежня 2024

Галасаваньне па законапраекце аб імпічмэнце прэзыдэнту, які ў парлямэнт Паўднёвай Карэі ўнесла апазыцыя, сарвалася, бо пераважная большасьць дэпутатаў ад урадавай партыі пакінулі залю паседжаньняў.

Як паведамляе Reuters, у выніку толькі 195 дэпутатаў з 300 прагаласавалі за імпічмэнт. Для імпічмэнту патрабавалася 200 галасоў — дзьве траціны дэпутатаў.

Апазыцыйныя партыі лічаць, што прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль спрабаваў учыніць дзяржаўны пераварот. Тысячы людзей выйшлі ў суботу на вуліцы Сэулу, каб падтрымаць імпічмэнт.

Раней прэзыдэнт папрасіў прабачэньня за ўвядзеньне ваеннага становішча.

«Мне вельмі шкада. Я прыношу шчырыя прабачэньні людзям, якія былі вельмі напалоханыя», — сказаў Юн у звароце з канцылярыі прэзыдэнта, цытуе яго агенцтва «Ронхап».

Юн растлумачыў, што абвяшчэньне ваеннага становішча было выклікана «роспаччу прэзыдэнта, які нясе адказнасьць за дзяржаўныя справы». Ён паабяцаў не ўхіляцца ад юрыдычнай і палітычнай адказнасці за свой крок і падкрэсліў, што другога ваеннага становішча «дакладна ня будзе», перадае KBS.

Юн аб’явіў аб увядзенні ваеннага становішча «дзеля барацьбы з унутранымі прыхільнікамі КНДР» у аўторак, 3 сьнежня. Указ, які дзейнічаў шэсьць гадзін, забараняў працу палітычных партый, пратэсты, страйкі, уводзіў цэнзуру і ваенна-палявыя трыбуналы з правам на вынясеньне сьмяротнага прысуду.

Перад будынкам парлямэнту сабраліся пратэстоўцы — больш за пяць тысяч, паводле ацэнак апазыцыі. Дэпутаты падчас штурму будынка вайскоўцамі прагаласавалі за адмену рашэньня прэзыдэнта. Пасьля гэтага ён паводле закону быў вымушаны адмяніць указ. Ключавыя чыноўнікі, у тым ліку міністар абароны Кім Ён Хён, сышлі ў адстаўку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі папрасіў прабачэньня за ўвядзеньне ваеннага становішча