Палітыка затрымалі 4 сьнежня пасьля ператрусаў у офісах апазыцыйных партыяў. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні законным патрабаваньням паліцыі. Паведамлялася, што Гварамія ўступіў у сварку з паліцыянтамі.
6 сьнежня Гварамія перавезьлі са сьледчага ізалятара Марнэулі ў Тбіліскі гарадзкі суд без апавяшчэньня адвакатаў. Судзьдзя пачаў пасяджэньне без праваабаронцы і прыпыніў працэс, калі сам Гварамія запатрабаваў адваката. Пасьля гадзіннага перапынку працэс аднавіўся.
4 сьнежня таксама затрымалі сябра кааліцыі «За перамены» Гелу Хасая, заснавальніка і лідэра моладзевага руху «Дапіёні» Зьвіяда Цэцхладзэ, а таксама пяцёх удзельнікаў «Адзінага нацыянальнага руху». МУС Грузіі паведаміла аб пачатку расьсьледаваньня справы па артыкулах аб арганізацыі групавога гвалту і публічнага закліку да гвалтоўных дзеяньняў.
У Грузіі з канца лістапада праходзяць пратэсты, пасьля таго як прэм’ер-міністар краіны і член кіраўнічай партыі «Грузінская мара» Іраклі Кабахідзэ абвясьціў аб прыпыненьні перамоваў з Эўразьвязам і адмове ад яго грантаў да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатова да ўступленьня ў ЭЗ да 2030 году.
Апазыцыя і яе прыхільнікі лічаць, што кіраўнічая партыя спрабуе тым самым зьмяніць празаходні курс разьвіцьця краіны і вярнуць Грузію ў арбіту ўплыву Расеі.
Агулам затрымалі каля 300 удзельнікаў акцый супраць прыпыненьня эўраінтэграцыі. Завялі ня менш як 15 крымінальных справаў па абвінавачаньнях у нападзеньні на паліцыянтаў, пашкоджаньні гарадзкой маёмасьці, закліках да гвалту, хуліганстве і падрыхтоўцы выбуху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі чарговая ноч пратэстаў прайшла без разгону. Парлямэнцкія апазыцыйныя партыі аб’ядналіся