Падобная да грыпу невядомая хвароба забіла ў Конга як найменш 79 чалавек

Дэмакратычная Рэспубліка Конга, ілюстрацыйнае фота.

Паводле Міністэрства аховы здароўя Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, сама меней 79 чалавек памерлі на паўднёвым захадзе краіны ад невядомага захворваньня, якое выклікае падобныя да грыпу сымптомы.

Пра гэта інфармуе BBC.

Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што большасьць памерлых — ва ўзросьце ад 15 да 18 гадоў.

Больш за 300 чалавек былі інфікаваныя, у пацыентаў назіраліся такія сымптомы, як ліхаманка, галаўныя болі, насмарк і кашаль, абцяжаранае дыханьне і анэмія.

У правінцыю Кванга, у зону аховы здароўя Панзі, дзе хвароба найбольш распаўсюджаная, былі накіраваныя групы рэагаваньня для правядзеньня проціэпідэмічных захадаў і расьсьледаваньня прыроды захворваньня.

Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (САЗ) у рэгіёне Афрыкі паведаміў BBC, што арганізацыя «адправіла групу ў аддалены раён для збору ўзораў для лябараторных дасьледаваньняў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне гарэла і балела ўсё цела адначасова». Мэдыкі кажуць пра рэзкі рост захворваньняў на адзёр у Беларусі

Улады заклікалі насельніцтва захоўваць спакой і пільнасьць, мыць рукі з мылам, пазьбягаць масавых сходаў і не дакранацца да целаў памерлых без кваліфікаванага мэдычнага пэрсаналу.

Раней гэтая цэнтральнаафрыканская краіна сутыкнулася з сур’ёзнай успышкай воспы малпаў (mpox). Са студзеня па ліпень сёлета было зарэгістравана каля 14 500 выпадкаў заражэньня.

Таксама ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга на працягу многіх гадоў здараюцца ўспышкі ліхаманкі Эбола.