Кіраўнікі МЗС некалькіх краінаў пакінулі залю падчас выступу Лаўрова на сустрэчы АБСЭ

Сяргей Лаўроў на пасяджэньні Рады міністраў замежных спраў АБСЭ

Кіраўнікі МЗС Украіны, Латвіі, Польшчы і Чэхіі пакінулі залю пасяджэньняў Рады міністраў замежных спраў АБСЭ перад выступам міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, які ўпершыню прыехаў у краіну ЭЗ пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне.

«Маё пасланьне расейскай дэлегацыі заключаецца ў тым, што мы не вядземся на вашу хлусьню. Мы ведаем, што вы робіце. Вы спрабуеце аднавіць Расейскую імпэрыю, і мы вам гэтага не дазволім», — заявіў у сваёй прамове падчас паседжаньня міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі.

Украінскі міністар Андрэй Сібіга сказаў на сустрэчы, што ягоная краіна працягвае змагацца за сваё права за існаваньне і справядлівасьць пераможа. Перад выступам Лаўрова Сібіга пакінуў залю, перад гэтым назваўшы кіраўніка МЗС Расеі Лаўрова «ваенным злачынцам».

Усьлед за Сібігам залю пакінулі яшчэ шэраг замежных міністраў і дыпляматаў. Гэта, у прыватнасьці, зрабілі кіраўнік чэскага зьнешнепалітычнага ведамства Ян Ліпаўскі, міністар замежных спраў Латвіі Байба Бражэ і кіраўнік МЗС Польшчы Радослаў Сікорскі.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Чэхіі Даніэль Драке напісаў у сацсетцы X, што падчас выступу Лаўрова чытаў кнігу пра суд над Уладзімірам Пуціным: «Пакуль міністар замежных спраў Расеі выступаў з прамовай у АБСЭ, мой бос, міністар, пакінуў залю, таму я скарыстаўся вольным часам і дачытаў абавязковую літаратуру».

31-е пасяджэньне Рады міністраў замежных спраў АБСЭ праходзіць у Валеце, сталіцы Мальты.

Напярэдадні мерапрыемства ў МЗС Расеі заявілі пра «інстытуцыянальны крызіс» АБСЭ, які, на думку расейскага боку, стаў «наступствам дэструктыўных дзеяньняў шэрагу заходніх краін». Нягледзячы на гэта, Лаўроў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу, прыехаў на Мальту.

Пры гэтым афіцыйнай прадстаўніцы МЗС Расеі Марыі Захаравай анулявалі раней выдадзеную візу (візу ёй выдалі ў рамках выключэньня, бо яна таксама ў санкцыйным сьпісе ЭЗ). Супраць такога выключэньня выступілі Латвія, Літва і Эстонія. Праз удзел Лаўрова, піша Руская служба ВВС, кіраўнікі МЗС Літвы і Эстоніі адмовіліся браць удзел у пасяджэньні Рады.

  • У 2023 годзе пасяджэньне Рады міністраў замежных спраў АБСЭ праходзіла ў Паўночнай Македоніі, якая не ўваходзіць у Эўразьвяз, таму кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў змог наведаць мерапрыемства. У 2023 годзе пасяджэньне праходзіла ў Польшчы, улады якой адмовіліся запрашаць Лаўрова.
  • У чэрвені 2024 году Румынія адмовіла ў выдачы візаў чальцам расейскай дэлегацыі для ўдзелу ў штогадовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. У румынскім МЗС заявілі, што ў сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны «ніводнаму з чальцоў дэлегацыі Расейскай Фэдэрацыі ня выдадуць візы і ня будзе дазволены ўезд у краіну». У адказ на гэта Савет Фэдэрацыі і Дзярждума РФ прынялі заяву аб прыпыненьні ўдзелу дэлегацыі Расеі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і выплаты ўнёскаў.