5 сьнежня Палата прадстаўнікоў прыняла праект закону аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год. Паводле яго, дэфіцыт бюджэту плянуецца на ўзроўні 4 млрд 459,3 млн рублёў: паступленьні ў бюджэт у 2025 годзе заплянаваныя ў суме 45 млрд 836,8 млн рублёў, а выдаткі — 50 млрд 295,2 млн рублёў.
У параўнаньні зь бюджэтам бягучага году ў 2025-м даходы плянуецца павялічыць на 5 млрд 929,4 млн рублёў (+14,9% да пачатковай зацьверджанай сумы), выдаткі — на 5 млрд 637,7 млн (+12,6%).
Каб закрыць бюджэтную дзірку, урад мае намер прыцягнуць на ўнутраным рынку амаль 1,3 млрд рублёў, а таксама выкарыстаць зэканомленыя бюджэтныя грошы мінулых гадоў і шукаць крэдыты за мяжой. Міністар фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў раней адзначаў, што практычна 1 млрд з дэфіцыту бюджэту плянуецца пагасіць за кошт «зьнешніх прыцягненьняў», прычым «частка гэтых сродкаў будуць прыцягнутыя з Расеі ў выглядзе крэдыту» — колькі менавіта, міністар не ўдакладніў.
Нягледзячы на дэфіцыт бюджэту на наступны год, у ім прадугледжаны рост выдаткаў на абарону і сілавікоў. У параўнаньні з 2024 годам выдаткі на абарону павялічваюцца на 1 млрд 150 млн рублёў.
Выдаткі на нацыянальную абарону заплянаваныя ў памеры 4 млрд 730 млн рублёў, зь якіх 4 млрд 470 млн рублёў пойдзе на абарону і Ўзброеныя сілы, каля 145 млн рублёў — на мабілізацыйную падрыхтоўку і мабілізацыю.
На судовую ўладу, праваахоўную дзейнасьць і бясьпеку будзе вылучана 5 млрд 344 млн рублёў (+672 млн), у тым ліку:
- на органы ўнутраных справаў — 2 млрд 56 млн рублёў (+300 млн),
- органы пракуратуры — 198,4 млн рублёў (+36,8 млн),
- органы памежнай службы — 540,38 млн рублёў (+67 млн),
- органы і арганізацыі крымінальна-выканаўчай сыстэмы — 415,58 млн рублёў (+22 млн),
- органы дзяржаўнай бясьпекі — 454,8 млн рублёў (+62 млн),
- органы судовай улады — 251,49 млн рублёў (+33 млн),
- мытныя органы — 259,6 млн рублёў (+29 млн),
- органы надзвычайных сытуацыяў — 569,3 млн рублёў (+86 млн),
- іншыя пытаньні ў галіне праваахоўнай дзейнасьці і бясьпекі — 605,75 млн рублёў (+54,3 млн).
У бюджэце на 2024 год быў заплянаваны дэфіцыт 4 млрд 751,1 млн рублёў — гэта рэкордны паказьнік за апошнія пяць гадоў.
На брыфінгу 22 кастрычніка старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Анатоль Харытончык выказаў меркаваньне, што заплянаваны ў бюджэце на 2025 год дэфіцыт «не зьяўляецца падставай для сур’ёзнай размовы».
Прэм’ер-міністар Раман Галоўчанка, камэнтуючы раней заплянаваны дэфіцыт, заявіў, што ўрад Беларусі заўсёды фармуе бюджэт, «зыходзячы з кансэрватыўна-пэсымістычных прагнозаў, для таго каб потым была магчымасьць манэўру». «Калі эканоміка спрацуе лепш, дэфіцыт закрыецца, калі не, будзем аптымізаваць нейкія бюджэтныя выдаткі», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 34 мільярды рублёў. Як павялічваецца падатковая нагрузка на беларусаў