За лістапад 2024 году праваабаронцы «Вясны» зафіксавалі 671 факт палітычна матываваных рэпрэсіяў у Беларусі, у тым ліку 377 судоў паводле адміністрацыйных спраў, гаворыцца ў аглядзе праваабаронцаў. Гэта толькі вядомыя праваабаронцам выпадкі, рэальная іх колькасьць можа быць большай.
Больш за ўсё фактаў палітычна матываванага перасьледу ў лістападзе зафіксавана ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях. Масавыя затрыманьні адбываліся па ўсёй Беларусі, нават у малых гарадах, адзначаюць праваабаронцы.
Для параўнаньня: у кастрычніку праваабаронцы «Вясны» атрымалі інфармацыю пра сама меней 366 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсіяў, якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу, у верасьні — пра 429 выпадкаў рэпрэсіяў, у жніўні — пра 152 выпадкі, у ліпені — пра 221 выпадак, у чэрвені — 222 выпадкі судоў і затрыманьняў, зьвязаных з крымінальным і адміністрацыйным перасьледам.
Такім чынам, у параўнаньні з кастрычнікам колькасьць выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсіяў у лістападзе вырасла ў 1,83 раза, у параўнаньні з чэрвенем — утрая.
У лістападзе праваабаронцы падвялі вынікі крымінальнага перасьледу ў Беларусі за кастрычнік: агулам паводле палітычна матываваных крымінальных артыкулаў асуджаныя 172 чалавекі, зь іх 52 жанчыны і 120 мужчын. Яшчэ 12 чалавек былі асуджаныя завочна ў межах працэдуры «спэцвядзеньня».
Зь верасьня да сярэдзіны лістапада ў судах разгледзелі сама меней 1213 палітычных адміністрацыйных спраў, абсалютная большасьць — за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Нягледзячы на вызваленьне вялікай колькасьці палітвязьняў па заканчэньні тэрміну і ў парадку памілаваньня, іх колькасьць застаецца стабільна высокай, адзначаюць праваабаронцы: на канец лістапада 2024 году ў Беларусі ў месцах пазбаўленьня волі знаходзіліся 1296 палітвязьняў (зь іх 172 жанчыны), прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Пры гэтым рэальная колькасьць людзей, зьняволеных з палітычных матываў у Беларусі, можа быць большай.
Толькі за лістапад праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі яшчэ 62 чалавек, а зь лета 2020 году — агулам 3638 чалавек, зь іх 669 жанчын.
Праваабаронцам вядома пра 31 палітвязьня з крытычным станам здароўя, несумяшчальным з утрыманьнем ва ўмовах пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 360 затрыманых, 178 памілаваных. Праваабаронцы расказалі, як выглядаюць рэпрэсіі перад новай выбарчай кампаніяй