Згодна са зьвесткамі Эўрастату і Нацыянальнага банку Польшчы, Беларусь у 2023 годзе стала адным зь лідэраў па нарошчваньні прамых інвэстыцыяў у польскую эканоміку, паведамляе выданьне «Беларусы и рынок».
Аб’ём прамых інвэстыцыяў Беларусі ў польскую эканоміку склаў на канец 2023 году 3141,4 млн эўра. Як падлічыла выданьне Business Insider, прырост за 2023 год склаў амаль 1,6 млрд эўра. Лепшая дынаміка па прыросьце назіралася толькі па прамых інвэстыцыях з Ірляндыі. Паводле Нацбанку Польшчы, з агульнай сумы 241 млн эўра ўкладзеныя ў куплю акцый кампаній.
Па назапашаных прамых інвэстыцыях у эканоміку Польшчы Беларусь апярэджвае Літву, Латвію, Эстонію, Славаччыну, Вугоршчыну, Партугалію і іншыя краіны.
Сярод эўрапейскіх краін-інвэстараў у польскую эканоміку ў 2023 годзе лідзіравалі Нідэрлянды і Нямеччына. Чысты кошт назапашаных прамых інвэстыцыяў зь Нідэрландаў на канец 2023 году склаў 59,2 млрд эўра, або на 10,1 млрд эўра больш, чым годам раней. Нямецкія інвэстыцыі ў Польшчу дасягнулі значэньня 52 млрд эўра ў канцы 2023 году, за год павялічыўшыся на 6,4 млрд эўра.
Агулам чысты кошт прамых замежных інвэстыцыяў у Польшчу павялічыўся да 314 млрд эўра ў 2023 годзе — гэта на 49 млрд эўра больш, чым у 2022-м (18,6%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская эканоміка ў пастцы нізкіх тэмпаў росту — тлумачэньне эканаміста Крука