У Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі паведамілі, што ў часе апошняга абмену загінулымі Расея перадала Ўкраіне цела мэра горада Днепраруднае Запароскай вобласьці Яўгена Мацьвеева.
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, Яўгена Мацьвеева, падобна, затрымалі 13 сакавіка 2022 году, калі яму патэлефанавалі і паведамілі аб затрыманьні расейцамі аўтобуса з супрацоўнікамі чарговай зьмены Запароскага жалезаруднага камбінату. Ён выехаў на месца падзеі. Гарнякоў вызвалілі, а яго затрымалі. Увесь гэты час яго лёс заставаўся невядомы.
У расейскім палоне мэр Днепраруднага знаходзіўся 2 гады і 8 месяцаў.
Яўгена Мацьвеева выбіралі мэрам горада тройчы. На гэтай пасадзе ён сустрэў расейскае ваеннае ўварваньне. Яўген Мацьвееў заставаўся ў горадзе нават пасьля расейскай акупацыі Днепраруднага.
10 кастрычніка стала вядома аб гібелі ў расейскім палоне ўкраінскай журналісткі Вікторыі Рошчынай, якая зьнікла бязь вестак падчас паездкі на акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны і якую ўтрымлівалі на тэрыторыі Расеі.