Лукашэнка зноў заняўся рэагаваньнем на крытычныя выступы ў дзяржаўных СМІ

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 3 сьнежня падпісаў актуалізацыю ўказу «Аб рэагаваньні службовых асобаў на крытычныя выступы ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі», паведамляе яго прэс-служба.

Гэта зроблена, як сьцьвярджаецца, «з улікам сучасных тэндэнцыяў разьвіцьця інфармацыйнай сфэры». Дакумэнт прыняты ў мэтах «аб’ектыўнага адлюстраваньня ў СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах грамадзка значнай інфармацыі, а таксама выяўленьня і апэратыўнага вырашэньня праблем, якія ў ёй знаходзяцца».

Адпаведныя нормы, на думку прэс-службы палітыка, дазволяць «узмацніць узаемадзеяньне дзяржорганаў, СМІ і экспэртнай супольнасьці па інфармаваньні насельніцтва, у тым ліку аб праблемных пытаньнях і шляхах іх вырашэньня».

Першапачатковы ўказ прынялі ў 1997 годзе. Дакумэнт патрабуе ад дзяржаўных СМІ апавяшчаць арганізацыі пра апублікаваныя або згаданыя ў праграмах тэле- і радыёканалаў матэрыялы, якія зьмяшчаюць зьвесткі аб «невыкананьні або неналежным выкананьні службовымі асобамі і работнікамі гэтых арганізацыяў» Канстытуцыі, рашэньняў Аляксандра Лукашэнкі, законаў, рашэньняў Рады Міністраў, а таксама інфармаваць пра гэта Камітэт дзяржкантролю і Генпракуратуру. Кіраўнікі «дзяржаўных органаў і іншых арганізацый» абавязаны іх разглядаць і адказваць рэдакцыям.

«Крытычныя матэрыялы па вострых грамадзка-палітычных і сацыяльна-эканамічных праблемах, якія не вырашаныя з прычыны безадказнага стаўленьня да справы службовых асобаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў, разглядаюцца на калегіях адпаведных дзяржорганаў або кіраўнікамі арганізацыяў у месячны тэрмін з дня іх апублікаваньня», — гаворыцца у дзейным указе.

На кіраўнікоў арганізацыяў усклалі пэрсанальную адказнасьць за выкананьне нормаў указу.

  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і наступных за імі пратэстаў улады дэ-факта забаранілі і крыміналізавалі працу ў краіне недзяржаўных грамадзка-палітычных СМІ.
  • Рэдакцыі працягваюць дзейнасьць з-за мяжы, мэдыякантэнт блякуецца і масава прызнаецца «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
  • У няволі ў Беларусі знаходзіцца 36 супрацоўнікаў СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінінфарме расказалі, чаму ў Беларусі не блякуюць сацыяльныя сеткі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты Лукашэнкі і безыменныя пікеты. Як дзяржаўныя выданьні асьвятляюць прэзыдэнцкую кампанію цяпер і як гэта рабілася раней