2 сьнежня ў Бэрліне прайшоў 22-ы Менскі форум. На ім абмеркавалі магчымасьці вызваленьня беларускіх палітвязьняў і выбары 2025 году ў Беларусі, паведамляе DW, карэспандэнты якога пабывалі на форуме.
Менскі форум праводзіцца з 1997 году. Апошні раз ён праходзіў у Менску ў 2019 годзе. У 2020 годзе праз пандэмію каранавірусу форум правялі онлайн, а пасьля падзеяў 2020 году пляцоўка, якая раней дапамагала наладзіць кантакт паміж прадстаўнікамі розных бакоў і пазыцыяў, была вымушаная пакінуць Беларусь — у апошнія гады форум праходзіў у Вільні, Варшаве і Бэрліне. У 2024-м ён другі раз вярнуўся ў сталіцу Нямеччыны.
Фармат сёлетняга форуму атрымаўся камэрным — на ім прысутнічалі ня больш за 50 чалавек: пара нямецкіх палітыкаў, некалькі прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, экспэрты, журналісты і тыя, хто проста цікавіцца беларускай тэматыкай. Ужо чацьвёрты год форум праходзіць без удзелу беларускіх уладаў. А сёлета — і без фінансавай падтрымкі міністэрства замежных спраў Нямеччыны.
Як вызваліць беларускіх палітвязьняў і што будзе з прызнаньнем Лукашэнкі паьля выбараў 2025 году — гэтыя тэмы сталі сёлета цэнтральнымі на Менскім форуме. Так ці інакш да іх вярталіся падчас дзьвюх панэляў з удзелам палітыкаў і экспэртаў.
Кіраўнік дэпартамэнту АБСЭ МЗС Нямеччыны Ян Канторчык, які ўдзельнічаў у форуме, адзначыў, што цяпер АБСЭ займаецца маніторынгам сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Для гэтага апошнія 4 гады двойчы быў задзейнічаны Маскоўскі мэханізм, у рамках яго стварылі экспэртныя камісіі, падрыхтавалі і прадставілі справаздачы, што, аднак, не рэальна не паўплывала на сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.
«Справаздачы выразна паказваюць, што Беларусь грэбуе сваімі абавязальніцтвамі ў адносінах да правоў чалавека», — падкрэсьліў Ян Канторчык.
На пытаньне мадэратара, ці лічыць ён магчымымі «тэлефонную дыпляматыю» і размовы з Лукашэнкам дзеля вызваленьня беларускіх палітвязьняў, прадстаўнік нямецкага МЗС наўпрост не адказаў.
«Я даволі скептычна стаўлюся да таго, што прапановы Захаду ў адрас Лукашэнкі прывядуць да якіх-небудзь зьменаў. І з маральна-этычнага пункту гледжаньня ў мяне ёсьць некаторыя сумневы, ці варта гэта рабіць, — сказаў Карторчык. — Які сэнс спрабаваць пераканаць Лукашэнку адпусьціць палітвязьняў, каб дамагчыся паляпшэньня стасункаў? Я думаю, гэта абмежаваныя спадзяваньні. Хаця, зь іншага боку, калі ёсць магчымасьць дапамагчы людзям, я думаю, гэтую магчымасьць трэба вывучыць».
Пра тое, што нямецкі бок «бачыць і вітае» нядаўняе вызваленьне 178 палітвязьняў, казаў і дэпутат Бундэстагу Кнут Абрахам. Аднак перадумовай для магчымага кантакту з Лукашэнкам гэты крок ён ня лічыць.
Валеры Кавалеўскі, былы прадстаўнік Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінэце, а цяпер — кіраўнік агенцтва Эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, зьвярнуў увагу, што нядаўнія вызваленьні палітвязьняў — гэта «нешта новае», чаго на працягу апошніх 4 гадоў не было. «Як у далейшым мы можам садзейнічаць гэтаму працэсу і не нашкодзіць яму?» — задаў пытаньне Кавалеўскі. Адказу на яго ён не атрымаў.
На думку Кавалеўскага, у пытаньні вызваленьня палітвязьняў ёсьць дзьве «памылкі», якія перашкаджаюць задзейнічаць усе магчымыя спосабы дамагчыся гэтага.
«Па-першае, наратыў пра тое, што мы не размаўляем з тэрарыстамі. У той жа час мы бачым, што ў крызісных сытуацыях па ўсім сьвеце ўлады размаўляюць з тэрарыстамі, каб выратаваць людзей. Тады чаму наш выпадак — выключэньне?» — заявіў Кавалеўскі.
Другой перашкодай Кавалеўскі лічыць наратыў пра немагчымасьць угодаў з рэжымам, «каб не патураць такім паводзінам». «У той жа час мы бачым мноства прыкладаў падобных угодаў. Апошні зь іх — абмен вязьнямі паміж ЗША і Расеяй, у якім удзельнічала Нямеччына», — адзначыў ён.
Што да меркаваньня аб тым, што «неэтычна казаць пра вызваленьне людзей, калі рэпрэсіі працягваюцца», Кавалеўскі назваў маральным абавязкам «выкарыстоўваць усе даступныя інструмэнты для выратаваньня жыцьцяў» і згадаў, што ў беларускіх турмах памерлі ўжо 7 палітвязьняў.
Абмяркоўваючы выбары 2025 году ў Беларусі, удзельнікі дыскусіі выкарыстоўвалі фармулёўку «так званыя выбары». Яны адзначылі, што паколькі Эўразьвяз не прызнаў Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам у 2020 годзе, яго і надалей будуць разглядаць у якасьці нелегітымнага кіраўніка Беларусі. Пры гэтым дэпутат Бундэстагу Кнут Абрахам адзначыў, што ў Нямеччыне ня могуць «ігнараваць будучую дату».
«Як мы будзем дзейнічаць далей у дачыненьні да рэжыму? Што гэта значыць для супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі? Пакуль гэта адкрытыя пытаньні для нас і для будучага ўраду ФРГ», — заявіў Кнут Абрахам.
У заключэньні Менскага форуму выступіў Міхаэль Новак, які да лета 2024 году быў часовым павераным у справах Нямеччыны ў Беларусі, а цяпер узначальвае аддзел Расеі і Беларусі ў МЗС Нямеччыны. Паводле яго, Нямеччына і надалей мае намер падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасьць: у прыватнасьці, выдаваць візы, падтрымліваць мэдыя і грамадзянскі сэктар.
«Салідарнасьць зь беларускім народам застаецца непахіснай, і мы пастараемся ў будучым выдзеліць рэсурсы, неабходныя для рэалізацыі гэтай падтрымкі. Народ Беларусі — гэта той, хто дае нам надзею. Іншая будучыня магчымая, і для гэтага мы будзем працаваць разам з вамі», — завяршыў на беларускай мове свой выступ Міхаэль Новак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 360 затрыманых, 178 памілаваных. Праваабаронцы расказалі, як выглядаюць рэпрэсіі перад новай выбарчай кампаніяй