Беларусь і Расея створаць тры навучальныя цэнтры для сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Чарговая група беларускіх вайскоўцаў перад адпраўкай на зборы ў адзін з вучэбна-баявых цэнтраў Расеі. 18 кастрычніка 2024 году

У «саюзнай дзяржаве» Беларусі і Расеі плянуюць стварыць тры навучальныя цэнтры для сумеснай падрыхтоўкі вайскоўцаў узброеных сіл абедзьвюх краін.

Пра гэта паведаміў старшыня сталай камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Генадзь Ляпешка падчас відэамосту, прымеркаванага да 25-годзьдзя падпісаньня дамовы аб стварэньні «саюзнай дзяржавы», піша БелТА.

Паводле яго, у Беларусі такі навучальны цэнтар створаць на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці, у Расеі — два цэнтры на тэрыторыі Ніжагародзкай і Калінінградзкай абласьцей. Цяпер вядуць падрыхтоўку кадраў у вайсковых навучальных установах Беларусі і Расеі.

Парлямэнтар нагадаў, што ў 2023 годзе пачалася рэалізацыя трох саюзных праграмаў у сфэры абароны, адна зь якіх прысьвечаная ўмацаваньню памежнай бясьпекі, астатнія дзьве — пытаньням удасканаленьня інфраструктуры Беларусі і Расеі па забесьпячэньні рэгіянальнай групоўкі войскаў. Таксама падпісаныя «больш за 160 дамоваў аб правядзеньні сумесных мерапрыемстваў у вайсковай сфэры» ў 2025 годзе.

Таксама Ляпешка адзначыў, што вайскова-паветраныя сілы Беларусі і Расеі пэрыядычна вядуць «сумесныя патруляваньні паветраных рубяжоў саюзнай дзяржавы ў паветранай прасторы Беларусі», што, на ягоную думку, «выключна важна, бо амэрыканская стратэгічная, дый тактычная авіяцыя даўно лётае ў паветраных прасторах Польшчы і Прыбалтыкі паблізу межаў саюзнай дзяржавы».

Як сьцьвярджае парлямэнтар, усе сумесныя з Расеяй вучэньні носяць «выключна абарончы характар».

  • 23 кастрычніка на пасяджэньні супольнай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі зацьвердзілі задуму вучэньняў «Захад-2025», якія назвалі галоўнай падзеяй у супольнай падрыхтоўцы органаў вайсковага кіраваньня і войскаў у наступным годзе.
  • У 2022 годзе пасьля супольных вучэньняў «Саюзная рашучасьць», якія праходзілі ў Беларусі 10–20 лютага 2022 году, Расея пачала ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну, у тым ліку зь беларускай тэрыторыі.
  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў поўнамаштабнае расейскае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году, дазволіўшы выкарыстоўваць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў украінскіх гарадоў, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • Улады Беларусі цягам усёй ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны пэрыядычна заяўляюць аб правакацыях, якія нібыта плянуюцца з украінскай, польскай ці літоўскай тэрыторыі.
  • Рэжым Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэньня вайны Расеі супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адразу некалькі вучэньняў АДКБ пройдуць у Беларусі ў верасьні 2025 году