Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі абвясьціў у краіне ваеннае становішча

Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль

Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль 3 сьнежня абвясьціў у краіне ваеннае становішча ў неанансаваным начным выступе, які трансьляваўся ў прамым эфіры па тэлеканале YTN, піша Reuters. Ён растлумачыў гэта неабходнасьцю барацьбы з унутранымі прыхільнікамі КНДР.

Рашэньне было прынятае пасьля спробаў найбуйнейшай апазыцыйнай Дэмакратычнай партыі Паўднёвай Карэі абвясьціць імпічмэнт ключавым урадавым чыноўнікам, перадае «Сусьветнае радыё KBS».

У тэлезвароце Юн заявіў, што апазыцыя паралізавала працу ўраду. Ваеннае становішча, заявіў прэзыдэнт, дапаможа захаваць у краіне канстытуцыйны парадак.

«Абвяшчэньне ваеннага становішча створыць некаторыя нязручнасьці прыстойным людзям, якія верылі ў канстытуцыйныя каштоўнасьці свабоднай Карэйскай рэспублікі і прытрымліваліся іх, але я пастараюся мінімізаваць гэтыя нязручнасьці», — заявіў прэзыдэнт, заклікаўшы грамадзян даверыцца яму.

Апазыцыя, перадае Yonhap, дамагалася адстаўкі галоўнага дзяржаўнага аўдытара і генэральнага пракурора. Парлямэнцкі бюджэтны камітэт, насуперак ціску ўраду, ухваліў законапраект аб скарачэньні бюджэту.

Лідэр Дэмакратычнай партыі назваў рашэньне прэзыдэнта антыканстытуцыйным і накіраваным супраць інтарэсаў грамадзтва. Партыя заклікала заканадаўцаў сабрацца каля будынку парлямэнту. Уваход і выхад у яго ўжо заблякаваныя.

У аўторак Міністэрства абароны Паўднёвай Карэі склікала нараду ключавых камандзіраў, загадаўшы вайскоўцам знаходзіцца ў стане надзвычайнай гатоўнасьці. Паведамляюць пра вайсковую тэхніку на вуліцах Сэула.

Загад аб ваенным становішчы перадае вайскоўцам кантроль над сродкамі масавай інфармацыі. Ён забараняе забастоўкі або любыя сходы, якія «спрыяюць сацыяльным беспарадкам». Лекарам і мэдпэрсаналу, якія ўдзельнічаюць у нацыянальнай забастоўцы, што працягваецца зь лютага, загадана вярнуцца на працоўныя месцы. Парушальнікаў могуць абшукаць, затрымаць або арыштаваць бяз ордэра суда і пакараць (ажно да сьмяротнага пакараньня).

Пры ваенным становішчы, згодна з паўднёвакарэйскім законам, уводзяцца ў дзеяньне надзвычайныя ваенныя суды з паскоранай працэдурай разгляду спраў, абмежаваным правам на абарону і немагчымасьцю абскардзіць рашэньне.

Абнаўляецца