Канцлер Нямеччыны не зьмяніў пазыцыю адносна прыёму Ўкраіны ў NATO. Апазыцыя рэзка крытыкуе ягоны візыт у Кіеў

Оляф Шольц і Ўладзімір Зяленскі, Кіеў, 2 сьнежня 2024

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц падчас сёньняшняга візыту ў Кіеў ухіліста адказаў на пытаньне пра магчымасьць хуткага прыёму Ўкраіны ў NATO, паведамляе DW.

У Паўночнаатлянтычным альянсе па гэтым пытаньні ўжо прынятыя рашэньні, заявіў Шольц сёньня на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі з украінскім прэзыдэнтам Уладзімірам Зяленскім.

Шлях уступленьня Ўкраіны ў NATO быў апісаны на самітах арганізацыі ў Вільні і Вашынгтоне, а таму ў новых рашэньнях няма неабходнасьці, сказаў кіраўнік ураду Нямеччыны. Тым часам на сустрэчах 2023 і 2024 гадоў у Вільні і Вашынгтоне было пацьверджана толькі тое, што Ўкраіна ў выніку павінна стаць чальцом NATO, без указаньня канкрэтных тэрмінаў уступленьня, адзначае DW.

Канцлер не зьмяніў сваю пазыцыю і ў пытаньні паставак Украіне далёкабойных крылатых ракет TAURUS. Ён падкрэсьліў, што Нямеччына пастаўляла і будзе пастаўляць Кіеву ўзбраеньні. У прыватнасьці, у новы пакет вайсковай дапамогі ўвойдуць дзьве сыстэмы супрацьпаветранай абароны IRIS-T, дзесяць танкаў Leopard 1A5, 60 баявых машын пяхоты M84 і M80 і баявых браняваных машын, 6000 некіраваных і 500 кіраваных ракет.

Аднак, адзначыў Шольц, па некаторых сыстэмах узбраеньня ў Бэрліна ёсьць асаблівыя ацэнкі правільнасьці іх пастаўкі. Ён адзначыў, што гэта зьвязана як з далёкасьцю паражэньня, гэтак і зь неабходнасьцю кантролю навядзеньня на цэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: «гарачая фаза» вайны можа завяршыцца, калі Ўкраіну запросяць у NATO

Міру праз галовы ўкраінцаў не будзе

Гэта не мяняе таго факту, што Нямеччына аказвае Ўкраіне ўсебаковую падтрымку, адзначыў канцлер. Сам ягоны візыт, паводле слоў Шольца, служыць сыгналам прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну, што Нямеччына будзе падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца.

«Рашучая барацьба з расейскай агрэсіяй — гэта адзін бок мэдаля, а другі — пошук шляхоў, якія могуць прывесьці да справядлівага, раўнапраўнага і трывалага міру для Ўкраіны», — заявіў канцлер, падкрэсьліўшы, што мірных перамоваў без удзелу Кіева ня будзе. «Я не дапушчу, каб рашэньне прымалася праз галовы ўкраінцаў», — паабяцаў Шольц, дадаўшы, што Расея ня мае права «навязваць Украіне дыктатарскі мір».

Зяленскі скрытыкаваў званок Шольца Пуціну

У выступе Ўладзіміра Зяленскага на гэтай жа прэсавай канфэрэнцыі прагучалі ня толькі словы падзякі на адрас Нямеччыны. Прэзыдэнт Украіны скрытыкаваў тэлефанаваньне Шольца Пуціну. «Я думаю, што пасьля першай размовы будзе усьлед другая, трэцяя, пятая, таму што кожны дзяржаўны лідэр захоча ўзяць на сябе ініцыятыву», — сказаў Зяленскі. Ён падкрэсьліў, што баіцца хвалі такіх размоў, якія могуць у выніку прывесьці да прызнаньня Пуціна. У той жа час ён адзначыў, што ў Кіева і Бэрліна больш агульнага, чым таго, што іх падзяляе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шольц і Пуцін паразмаўлялі праз тэлефон упершыню з 2022 году

Другі візыт канцлера ў Кіеў

Шольц прыбыў ва Ўкраіну зь неафіцыйным візытам раніцай 2 сьнежня. Гэта другая паездка канцлера ў Кіеў з пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Першую Шольц зьдзейсьніў у чэрвені 2022 году разам з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам і тагачасным прэм’ер-міністрам Італіі Марыё Драгі.

Апазыцыя ў Нямеччыне скрытыкавала візыт Шольца ў Кіеў

«Шольц праводзіць перадвыбарную кампанію за кошт украінскага народу і ў той жа час выкарыстоўвае расейскія жахлівыя наратывы», — заявіў у інтэрвію газэце Augsburger Allgemeine экспэрт Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу (ХДС) у зьнешняй палітыцы Родэрых Кізэвэтэр. «Гэта ня проста ганебна, але і ўсё мацней ізалюе Нямеччыну і ставіць пад пагрозу нашу бясьпеку», — лічыць Кізэветэр.

Украіна настойвае, каб яе неадкладна запрасілі ў NATO, далі ёй далёкабойныя ракеты і дазволілі наносіць удары заходняй зброяй па вайсковых аб’ектах у Расеі, але Шольц катэгарычна адмаўляе ўсе гэтыя патрабаваньні, сказаў Кізэвэтэр. Канцлер уводзіць грамадзкасьць у зман, «лічачы, што ён зможа кіраваць вайной з дапамогай самазастрашваньня і асаблівага міру з Расеяй», падкрэсьліў экспэрт ХДС у зьнешняй палітыцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Расеі пажадана пайсьці на тры літары

Кіраўніца левапапулісцкага «Саюзу Сары Вагенкнэхт», у сваю чаргу, скрытыкавала візыт Шольца ва Ўкраіну зь іншай прычыны, абвінаваціўшы канцлера ў празьмернай вайсковай падтрымцы Ўкраіны. «Акрабатычны шпагат Шольца — выступаць у перадвыбарчай кампаніі як канцлер міру, а ў Кіеве падпісваць усе новыя чэкі на пастаўкі зброі — наўрад ці ўразіць выбарцаў», — заявіла Вагенкнэхт у інтэрвію агенцтву AFP.