У Гомельскім абласным судзе вынесьлі прысуд грамадзяніну Ўкраіны Вячаславу Бародзію, а таксама беларусам Мікалаю Ласоўскаму і Валянціне Полаз.
Судзьдзя Яўген Шаршнёў прызнаў усіх фігурантаў справы вінаватымі і прызначыў Бародзію і Ласоўскаму па 10 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Полаз — 9 гадоў калёніі. Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Таксама кожнаму фігуранту справы прызначылі штраф памерам 550 базавых велічыняў (22 тысячы рублёў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сама меней 12 грамадзян Украіны ўтрымліваюць у турмах Беларусі з палітычных матываў, — праваабаронцыПадрабязнасьці перасьледу ўкраінскага егера сталі вядомыя з паказанага год таму прапагандысцкага фільму, у якім Вячаслава на сьледчых дзеяньнях вадзілі на ланцугу. Яго, як і іншых затрыманых, вінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў на чыгунцы на замову Службы бясьпекі Ўкраіны.
Паводле «Вясны», супраць асуджаных былі абвінавачаньні паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:
- арт. 289 частка 3 («Акт тэрарызму»),
- арт. 358-1 («Агентурная дзейнасьць»),
- арт. 309, частка 4 («Наўмыснае прывядзеньне ў непрыдатнасьць транспартнага сродку альбо шляхоў зносін»),
- арт. 295, частка 4 («Незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»),
- арт. 356, частка 1 («Здрада дзяржаве»),
- арт. 406, частка 2 («Неданясеньне аб злачынстве»).
Суд у закрытым рэжыме праходзіў з 15 кастрычніка.