Праваабаронцы расказалі, як праходзіў збор подпісаў за кандыдатаў на выбарах прэзыдэнта

Збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Ілюстрацыйнае фота

Збор подпісаў выбарнікаў у падтрымку вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі на будучых выбарах завяршыўся 6 сьнежня. Праваабаронцы сабралі сьведчаньні, як гэта было.

Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, яны носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.

Як зьбіралі подпісы на Берасьцейшчыне

Па ўсіх раённых гарадах Берасьцейскай вобласьці прайшлі пікеты, на якіх сябры ініцыятыўных груп зьбіралі подпісы ў падтрымку кандыдатаў. Гэта актыўна асьвятлялі мясцовыя раённыя газэты, піша кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Паводле праваабаронцаў некаторыя зь дзяржаўных выданьняў Берасьцейшчыны публікавалі прыхаваную агітацыю за Лукашэнку, ставячы ілюстрацыі са слоганам ягонай кампаніі «Надо», абмінаючы ўвагай іншых патэнцыйных кандыдатаў.

Як заўважылі праваабаронцы, агітацыя ладзілася ня толькі сярод паўналетніх грамадзян. Так, у Камянцы чыноўнікі прыйшлі абмяркоўваць выбары ў сярэднюю школу. Старшыня мясцовага раённага Савету дэпутатаў Аксана Высагроцкая апавядала школьнікам пра выбарчую кампанію і працу ініцыятыўных групаў у Камянецкім раёне.

Баранавіцкая раёнка «Наш край» «аказалася адной з самых дэмакратычнай: у адрозненьне ад большасьці астатніх, мясцовыя журналісты згадалі і паказалі, як людзі ставяць подпіс у падтрымку іншых патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты», заўважылі праваабаронцы.

Як зьбіралі подпісы на Меншчыне

Праваабаронца «Вясны» Алег Мацкевіч прааналізаваў паводле адкрытых крыніц, як праходзіў гэты этап у горадзе Барысаве Менскай вобласьці.

«У Барысаве гэты этап выбарчай кампаніі нічым не адрозьніваецца ад сытуацыі па краіне ў цэлым: пікеты за Аляксандра Лукашэнку і яго спойлераў у публічнай прасторы зь яўнай перавагай на яго карысьць. У той жа час нават ён наўрад ці можа пахваліцца публічнай і шчырай усенароднай падтрымкай», — расказаў Алег Мацкевіч.

Яшчэ 21 лістапада падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Юры Сянько аб’явіў аб тым, што за два тыдні сабрана звыш 1 мільёна 581 тысячы подпісаў. Гэта значыць, кожны дзень па ўсёй краіне толькі за аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта падпісныя лісты запаўнялі амаль 113 тысяч грамадзян. Пры гэтым ніякай надзвычайнай пікетавай актыўнасьці на вуліцах гарадоў не назіралася, адзначае праваабаронца.

«У выпадку з Лукашэнкам у 2024 годзе мы маем на парадак большую колькасць падпісантаў і на некалькі парадкаў меншую публічную актыўнасьць грамадзян. У чым жа справа? Нібы апраўдваючыся, падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнік яго ініцыятыўнай групы казаў аб тым, што „на вуліцы робіцца халадней“. Але справа насамрэч у іншым», — адзначае Алег Мацкевіч.

«Тэмпы збору подпісаў за галоўнага фаварыта гонкі паказваюць, што яго падначаленыя хочуць пабіць паказчыкі 2020 году (1 939 572 подпісы), карыстаючыся пры гэтым галоўным чынам тымі самымі рэпрэсіўнымі „выбарчымі“ методыкамі, якія былі вынайдзеныя і адшліфаваныя беларускімі ўладамі цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў. Сам жа працэс зьбіраньня галасоў пасьпяхова робіцца імі галоўным чынам ва ўтульных памяшканьнях арганізацый, прадпрыемстваў і фірмаў, бо „вуліца“ патрабуе іншых арганізацыйных рашэньняў і нашмат большых рэсурсаў», — заўважае праваабаронца.

Паводле яго, пакуль улады робяць усё, каб паказаць «актыўнасьць» выбарнікаў, накіраваную на падтрымку дзейнага рэжыму. І калі на тэрыторыі арганізацый і прадпрыемстваў стварыць станоўчую карцінку ім яшчэ неяк удаецца, то з «вуліцай» праблемы.

«Адзін-два выбарнікі пераважна пажылога ўзросту перад панурымі зборшчыкамі подпісаў з крыклівым лагатыпам „Надо!“ на грудзях — гэта амаль усё, што здольныя скрэатывіць чыноўнікі», — азнаёміўшыся з апублікаванымі фатаздымкамі прапагандыстаў, зазначае праваабаронца.

Дарэчы, калі параўнаць рашэньні Барысаўскага раённага выканкаму за 2020 і 2024 гады, якія тычацца вызначэньня месцаў, забароненых для правядзення пікетаваньня з мэтай збору подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты, то можна прыйсьці да несуцяшальнай высновы, што «ўлада баіцца нават уласнага ценю», кажа Алег Мацкевіч. Нічым іншым значнае павелічэньне колькасьці забароненых месцаў — з трох пазыцый у 2020 годзе да 15 у 2024-м — патлумачыць нельга, дадае ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларускія ўлады спрабавалі скапіяваць выбарчы досьвед Ціханоўскага і што з гэтага атрымалася
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь пасьля 26 студзеня». Як зьменіцца палітыка Захаду адносна Беларусі? Прагноз былога дыплямата Паўла Мацукевіча

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.