Хроніка перасьледу 2 сьнежня: ператрус у 85-гадовай бабкі былога журналіста «Белсату»

Віцебскі абласны суд. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Віцебскага актывіста судзяць за данаты

2 сьнежня ў Віцебскім абласным судзе пачаўся разгляд справы Аляксея Саламаненкі. Яму інкрымінавалі арт. 361-2 КК («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).

Справу прызначылі разглядаць Галіну Бондал.

У 2020 годзе Аляксея некалькі разоў судзілі ў адміністрацыйных справах, адзін з судоў быў за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 лістапада: распрацоўніка праграмнага забесьпячэньня для «Кібэрпартызанаў» асудзілі на «хімію»

Сілавікі прыйшлі зь ператрусам да 85-гадовай бабулі былога журналіста «Белсата»

Пра ператрус у сваякоў Сяргей Скулавец паведаміў у Facebook. Сяргей цяпер жыве ў ЗША. Летам 2023 года ён выехаў зь Беларусі, асьцерагаючыся перасьледу за прафэсійную дзейнасьць, паведамляе «БАЖ». Сутнасьць прэтэнзій і нагода для ператрусу застаюцца невядомымі. Аднак людзі, якія назваліся сьледчымі і супрацоўнікамі КДБ, цікавіліся менавіта асобай журналіста.

«Перагледзелі мабільнікі, задавалі нейкія пытаньні, а потым самі на іх адказвалі і нешта запісвалі. Бацька ж сказаў, што ў гэтым доме няма аніякіх маіх рэчаў, але гэта іх зусім не цікавіла», — распавйў Сяргей.

Акрамя таго, паводле журналіста, днямі яго родным пачалі званіць невядомыя асобы, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі Дэпартамэнту фінансавай бясьпекі.

«Пытаюцца дзе я, маўляў, ня могуць да мяне дазваніцца», — напісаў Скулавец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 лістапада: мазыранку затрымалі за ролік у TikTok, жыхароў Наваполацку судзяць за пратэсты 2020-га