Румыны ў нядзелю выбіралі 136 сэнатараў і 329 дэпутатаў.
На выбарах у абедзьве палаты парлямэнту перамагае Сацыял-дэмакратычная партыя, якую ўзначальвае дзейны прэм’ер-міністар Марчэль Чаляку. Яна можа набраць 25,5% у Палату дэпутатаў і 25,7% у Сэнат. Яе хаўрусьніца па ўрадавай кааліцыі, правацэнтрысцкая Нацыянальная лібэральная партыя, набірае 15,3 і 15,6% адпаведна.
Другое месца, паводле апытаньняў, мае альянс правапапулісцкіх партый «Альянс за румынскае адзінства» (19,3 і 19,5%), трэцяе месца ў праэўрапейскага «Зьвязу выратаваньня Румыніі» (па 15,7% у абедзьве палаты).
Парлямэнцкія выбары адбыліся праз тыдзень пасьля скандальнага першага туру прэзыдэнцкіх выбараў, па сьлядах якіх пачаліся судовыя разборы. У ім нечаканую перамогу атрымаў незалежны кандыдат Кэлін Джарджэску, які раней знаходзіўся ў «Альянсе за аб’яднаньне». Другое месца заняла кіраўніца «Зьвязу выратаваньня» Элена Лясконі. Яна ўсяго на некалькі тысяч галасоў абышла прэм’ер-міністра Чаляку.
28 лістапада Канстытуцыйны суд Румыніі абавязаў Цэнтральнае выбарчае бюро пералічыць вынікі першага туру з прычыны выяўленых парушэньняў. У выпадку, калі суд не зацьвердзіць вынікаў галасаваньня, яго давядзецца праводзіць паўторна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Румыніі праходзяць парлямэнцкія выбары, якія назвалі аднымі з самых важных у гісторыі краіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як TikTok спрыяў узьлёту ўльтраправага кандыдата ў прэзыдэнты Румыніі Кэліна Джарджэску