Сярод затрыманых іншаземцаў — грамадзянін Беларусі Яўген Муравіцкі 1999 году нараджэньня, грамадзянін ЗША Нік Лаладзэ 1992 году нараджэньня і восем грамадзян Расеі, піша «Эхо Кавказа».
Раней МУС Грузіі паведаміла пра затрыманьне 107 чалавек на ўчорашняй акцыі пратэсту ў Тбілісі. Усім ім ставяць у віну непадпарадкаваньне патрабаваньням паліцыі і дробнае хуліганства — артыкулы 166 і 173 Кодэксу адміністрацыйных правапарушэньняў. Паліцыя жорстка разагнала акцыю 29 лістапада, супраць пратэстоўцаў ужылі вадамёты і пярцовы спрэй, іх зьбівалі. Дакладная колькасьць пацярпелых невядомая.
Тым часам увечары 30 лістапада ў Грузіі аднавіліся акцыі супраць адыходжаньня краіны ад эўрапейскага шляху. На праспэкце Руставэлі ў Тбілісі зноў зьбіраюцца праціўнікі кіроўнай партыі «Грузінскаяй мара» і ўраду.
Таксама пратэстоўцы сабраліся на спантанную акцыю ля будынка Грамадзкага вяшчальніка Грузіі: яны патрабуюць адстаўкі гендырэктара і старшыні апякунскай рады, заяўляючы, што Грамадзкі вяшчальнік ня служыць інтарэсам народа і не асьвятляе належным чынам падзеі, якія адбываюцца ў краіне, у тым ліку падзеі пратэсты, перадае Грузінская служба Радыё Свабода.
На акцыі выступіў супрацоўнік тэлеканалу, які заклікаў гендырэктара Цінацін Бердзенішвілі асудзіць дзеяньні праваахоўнікаў і паведамляць карэктную інфармацыю ў эфіры. Гендырэктар і старшыня апякунскай рады заявілі, што эфір будзе прадстаўлены сёньня ў 20:00.
Пратэст працягваецца і каля Тбіліскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. Студэнты прыйшлі да будынка ВНУ з фатаздыскамі, на якіх адлюстраваныя пацярпелыя ад сілавога разгону акцыяў. Студэнты маюць намер пазьней далучыцца да акцыі каля парлямэнту, піша «Эхо Кавказа».
Акцыя праходзіць і ў Батумі. Удзельнікі мітынгу рушылі ў бок цэнтральных вуліц.
У Кутаісі сотні людзей сабраліся на цэнтральнай плошчы ля краёвай адміністрацыі. Да гэтага яны таксама правялі шэсьці са сьцягамі Грузіі і Эўразьвязу. На чале шэсьця несьлі пудзіла з фатаздымкам ганаровага старшыні, мільярдэра-заснавальніка «Грузінскай мары» Бідзіны Іванішвілі і надпісам «канец».
Пратэстоўцы выйшлі на вуліцы і ў горадзе Зугдзідзі, там яны перакрылі цэнтральны праспэкт.
Нечаканай стала акцыя ў Хашуры — раённым цэнтры ў рэгіёне Шыда Картлі з насельніцтвам крыху больш за 20 тысяч, піша агенцтва «Новости-Грузия».
- Увечары 29 лістапада ў шэрагу гарадоў Грузіі (у Батумі, Кутаісі, Зугдзідзі, Горы, Поці, Чхароцку) людзі выйшлі на пратэсты супраць прыпыненьня эўраінтэграцыі Грузіі.
- 28 лістапада прэм’ер-міністар Грузіі і сябра кіроўнай «Грузінскай мары» Іраклій Кабахідзэ аб’явіў пра прыпыненьне перамоваў з Эўразьвязам і адмову ад яго грантаў да 2028 году. Пры гэтым прэм’ер падкрэсьліў, што грузінскія ўлады застаюцца верныя сваёй мэце і краіна будзе гатовая да ўступленьня ў Эўразьвяз да 2030 году. Інтэграцыя краіны ў Эўразьвяз і NATO прапісаная ў грузінскай Канстытуцыі.