Пра гэта Ўладзімір Зяленскі заявіў у інтэрвію брытанскаму тэлеканалу Sky News.
«Калі мы хочам спыніць гарачую фазу вайны, нам трэба ўзяць пад парасон NATO тую тэрыторыю Ўкраіны, якую мы кантралюем», — сказаў ён.
Паводле яго, пасьля Ўкраіна зможа вярнуць свае акупаваныя тэрыторыі «дыпляматычным шляхам».
Вяртаньне ўсёй міжнародна прызнанай тэрыторыі Ўкраіны, уключаючы анэксаваны Крым і акупаваныя Расеяй часткі тэрыторыяў іншых абласьцей, — афіцыйна заяўленая мэта Ўкраіны ў вайне. У Кіеве шмат разоў заяўлялі, што дзеля мірнай дамовы не адмовяцца ад тэрыторыяў.
Са словаў Зяленскага вынікае, што Ўкраіна па-ранейшаму не гатовая адмовіцца ад іх дэ-юрэ, як таго патрабуе Расея. Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што сяброўства ў NATO можа быць прапанаванае Ўкраіне ў цяперашніх межах, але пры ўмове, што NATO будзе прызнаваць міжнародна прызнаныя межы Ўкраіны.
Любая дамова аб спыненьні агню павінна гарантаваць, што Расея не захопіць новыя ўкраінскія тэрыторыі. Такую гарантыю, на думку Зяленскага, можа даць запрашэньне ў NATO, якое «павінна адбыцца хутка».
Зяленскі таксама сказаў, што мае намер наўпрост мець зносіны з абраным прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і разьлічвае на ягоную падтрымку.
Sky News адзначае, што Зяленскі ўпершыню за доўгі час сказаў пра магчымасьць спыненьня агню бяз выхаду на межы 1991 году. Раней, аднак, прэзыдэнт Украіны ўжо выказваўся ў тым сэнсе, што тэрыторыі могуць быць вернуты ў будучыні дыпляматычным шляхам, а не ваенным. Кіраўнік офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак на днях заяўляў, што для пачатку перамоваў магло б быць дастатковым адступленьне расейскіх войскаў на тэрыторыі, якія яны займалі да ўварваньня 24 лютага 2022 году.
- Пад кантролем Расеі цяпер каля адной пятай міжнародна прызнанай тэрыторыі Ўкраіны. Акрамя Крыму, гэта большая частка Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей, якія Расея лічыць сваёй тэрыторыяй, а таксама частка Харкаўскай вобласьці. Украіна ў сваю чаргу кантралюе невялікі ўчастак расейскай Курскай вобласьці.
- Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін называў умовай пачатку перамоваў аб міры адмову Ўкраіны ад Крыму і чатырох абласьцей і ад уступленьня ў NATO. У Масквы ёсьць і іншыя патрабаваньні да Кіева.
- Запрашэньне Ўкраіны ў NATO — першы пункт так званага «пляна перамогі», раней прадстаўленага Зяленскім заходнім лідэрам. Паводле шматлікіх паведамленьняў, ня ўсе краіны NATO, аднак, гатовыя цяпер запрасіць Украіну ў саюз.
- Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднойчы заяўляў пра намер дамагчыся хуткага завяршэньня вайны ва Ўкраіне, але пакуль не прадставіў які-небудзь канкрэтны плян. Дзейная адміністрацыя ЗША прытрымліваецца палітыкі падтрымкі Ўкраіны «столькі, колькі спатрэбіцца», ЗША і іх саюзьнікі забясьпечваюць Украіну зброяй і надаюць іншую дапамогу, без прамога ўдзелу ў баявых дзеяньнях.
- CNN 29 лістапада выклала пункты «мірнага пляну», які раней прапаноўваў прызначаны напярэдадні спэцпрадстаўніком Трампа па Ўкраіне Кіт Келаг. Сьцьвярджаецца, што ён прапануе часткова аслабіць санкцыі супраць Расеі ў абмен на згоду спыніць агонь і замарозіць лінію фронту, а ў выпадку падпісаньня мірнай дамовы (незразумела, на якіх умовах) — зусім адмяніць санкцыі. Пры гэтым Ўкраіна не адмовіцца ад акупаваных Расеяй тэрыторый, але абавязуецца іх вярнуць «толькі дыпляматычным шляхам», а сяброўства Ўкраіны ў NATO, паводле задумы Келага, павінна быць адкладзена на нявызначаны тэрмін, аднак ЗША абавязваюцца падтрымліваць Украіну, каб не дапусьціць новай агрэсіі. Афіцыйна Келаг не пацьвярджаў, што цяпер, стаўшы кандыдатам на афіцыйную пасаду, падтрымлівае менавіта апублікаваны CNN плян.